ЕС укладзе 4,5 мільярда еўра ў лічбавую трансфармацыю ў 2023-2024 гг.

  • Дата: 14/12/22
  • Падзяліцца:

Каб дасягнуць мэт Еўрапейскага саюза ў галіне лічбавай трансфармацыі, больш за 4,5 мільярда еўра будзе вылучана на праграму «Гарызонт Еўропа» ў 2023-2024 гг. Гэта больш за 33% агульнага бюджэту праграмы, які складае каля 13,5 мільярда еўра і накіраваны на падтрымку даследчыкаў і наватараў у Еўропе, што займаюцца распрацоўкай рэвалюцыйных рашэнняў у лічбавай галіне, а таксама ў галіне экалогіі, энергетыкі і геапалітыкі. Еўрапейская камісія зацвердзіла праграму 6 снежня 2022 года.

Гэтае фінансаванне дапаможа ЕС развіваць базавая лічбавыя тэхналогіі і будзе спрыяць іх укараненню ў наша жыццё. У 2023 годзе праграма таксама падтрымае крытычна важную інфраструктуру, якая абараняе ад фізічных і кіберпагроз, каб узмацніць устойлівасць ЕС.

Праграма «Гарызонт Еўропа» з’яўляецца часткай больш маштабнай праграмы даследаванняў і інавацый ЕС з бюджэтам у 95,5 мільярда еўра. Фінансаванне ў 2023-2024 гг. таксама пойдзе на мэтанакіраваныя меры па падтрымцы Украіны, на ўмацаванне эканамічнай стабільнасці і ўстойлівае аднаўленне пасля пандэміі COVID-19. Гэта дапаможа ЕС дасягнуць мэт, звязаных з кліматам, і ўзмацніць энергетычную ўстойлівасць. Гэта таксама дапаможа ўмацаваць еўрапейскую экасістэму даследаванняў і інавацый, у тым ліку дзякуючы больш актыўнаму ўдзелу даследчыкаў і наватараў з усіх куткоў Еўропы, большай мабільнасці і павышэнню фінансавання навукова-даследчых інфраструктур сусветнага ўзроўню.

Гэтыя 13,5 мільярда еўра, накіраваныя на даследаванні і інавацыі, з’яўляюцца інвестыцыяй у будучыню Еўропы. Гэта дапаможа дасягнуць мэт «Зялёнага курсу», прасунуцца на шляху лічбавай трансфармацыі ў Еўропе і зрабіць Еўропу больш устойлівай і канкурэнтаздольнай.

Маргрэтэ Вестагер, выканаўчы віцэ-прэзідэнт напрамку «Еўропа, прыстасаваная да лічбавай эпохі»

Адрасная падтрымка Украіны 

Адрасная падтрымка Украіны ажыццяўляецца ў дадатак да 70 мільёнаў еўра, якія ўжо былі вылучаныя ў 2022 годзе. Новыя меры ўключаюць пашырэнне доступу даследчыкаў з Украіны да еўрапейскай навукова-даследчай інфраструктуры, безупынную падтрымку вучоных-медыкаў з Украіны і падтрымку экалагічнай рэканструкцыі некалькіх украінскіх гарадоў праз Місію ЕС «Кліматычна нейтральныя і разумныя гарады».

Наступныя крокі

Першыя конкурсы заявак пачаліся на Партале фінансавання і тэндараў ЕС 7 снежня 2022 года. Інфармацыйныя дні «Гарызонт Еўропа» для патэнцыйных кандыдатаў праводзяцца да 16 лютага 2023 года.

Прэс-рэліз

Навіны

Паглядзець усё