Устойлівасць, рэагаванне на крызіс і аднаўленне пасля яго сталі галоўнымі тэмамі Лічбавай канферэнцыі Усходняга партнёрства 24 кастрычніка 2022 года. Мерапрыемства працягнула працаваць у кірунку, абраным падчас першай Лічбавай канферэнцыі ў 2021 годзе, засяродзіўшыся на важных элементах для лічбавай трансфармацыі ў рэгіёне Усходняга партнёрства (УП). Ва ўмовах працяглай захопніцкай вайны Расіі супраць Украіны спікеры адзначылі пэўныя наяўныя рашэнні і інструменты, тым самым выступіўшы з выразным пасланнем: беспрэцэдэнтныя дзеянні магчымыя нават у самых складаных абставінах. Лічбавая трансфармацыя павінна быць цэнтральным элементам намаганняў па аднаўленні, умацаванні ўстойлівасці і правядзенні рэформаў у рэгіёне Усходняга партнёрства.
Удзельнікі пасяджэння і дакладчыкі разглядзелі наяўныя праблемы і магчымасці, сфармуляваўшы іх у пяці ключавых пытаннях:
Лічбавае кіраванне: як распрацаваць паслугі, якімі грамадзяне захочуць карыстацца?
З лютага 2022 года попыт на лічбавыя дзяржаўныя паслугі ва Украіне павялічыўся ў сувязі з перамяшчэннем асоб, стратай дакументаў і надзвычайнымі сітуацыямі. Валерыя Іонан, намесніца міністра лічбавай трансфармацыі па пытаннях еўраінтэграцыі, растлумачыла, як распрацоўка платформы лічбавага кіравання «ДІЯ» ўжо дапамагла 18,5 мільёнам карыстальнікаў. Напрыклад, украінцы без дакументаў могуць карыстацца спецыяльным дадаткам, каб пацвердзіць асобу, паведаміць пра страту ці пашкоджанне маёмасці, а таксама каб кругласутачна атрымліваць навіны. Гэтая праца будуецца на падставе шматгадовага супрацоўніцтва Украіны з ЕС, але шмат чаго яшчэ мае быць зроблена: «Нам вельмі важна мець падтрымку ЕС і пачаць новыя праекты тэхнічнай дапамогі, якія дапамогуць Украіне аднавіцца».
«Платформа ДІЯ – гэта бліскучы прыклад таго, што распрацоўка і аказанне лічбавых дзяржаўных паслуг павінны зыходзіць з патрэб грамадзян», – лічыць Нік Тэйс, старшы палітычны саветнік сумеснай ініцыятывы АЭСР і ЕС SIGMA. Ён адзначыў, што такія прадукты неабходна падмацаваць поўнай нарматыўнай базай, каб высакаякаснае лічбавае кіраванне было ўбудаванае ў больш агульнае права на кампетэнтнае кіраўніцтва.
Хармік Азаран, кіраўнік аддзела трансфармацыі лічбавага ўрада пры Міністэрстве высокатэхналагічнай прамысловасці Рэспублікі Арменія, падкрэсліў, што, паляпшаючы інтэрфейс лічбавых дзяржаўных паслуг, трэба ўлічваць усе тыпы карыстальнікаў. «Гаворка ідзе не проста пра грамадзян. Ёсць людзі, у якіх няма дакументаў, але якім вельмі важна аказаць паслугі», – тлумачыць ён, дадаючы, што ўдасканаленне лічбавых дзяржаўных паслуг не павінна абмяжоўвацца толькі распрацоўкай, каб грамадзяне карысталіся такімі паслугамі па сваім жаданні.
У Малдове, дзе зараз знаходзіцца больш украінскіх бежанцаў на душу насельніцтва, чым у іншых краінах, шчыльныя сувязі з прыватнымі інвестарамі дазволілі стварыць дзейсныя лічбавыя паслугі па пошуку прытулку, харчавання і медыцынскай дапамогі. «Мы з вялікім задавальненнем працавалі з прыватным сектарам, сумесна ствараючы лічбавыя інструменты для дапамогі бежанцам», – тлумачыць Юрый Цуркану, намеснік прэм’ер-міністра па пытаннях лічбавізацыі.
Лічбавая інфраструктура: як узгадніць стратэгію з інвестыцыйнымі магчымасцямі?
Прынамсі 80% грамадзян УП павінны мець поўны доступ да таннага высакахуткаснага інтэрнэту ў бліжэйшыя гады. Каб гэтага дамагчыся, вельмі важна ўкладаць у лічбавую інфраструктуру. Хіммат Сінгх Сандху, спецыяліст па лічбавым развіцці Сусветнага банка, заўважыў, што сусветны рынак сувязі расце і што асноўныя пастаўшчыкі кантэнту (Amazon, Google, Microsoft, Facebook) выкарыстоўваюць каля 60%, а ў будучыні будуць выкарыстоўваць 80% агульнай міжнароднай прапускной здольнасці.
Удзельнікі канферэнцыі даведаліся, што грузінскі ўрад ставіць у прыярытэт развіццё высакахуткасных шырокапалосных інтэрнэт-паслуг у сельскай мясцовасці і забеспячэнне прыватных інвестыцый у тэлекамунікацыі. Краіна ўжо зрабіла вялікі крок на шляху да гарманізацыі з нарматыўна-прававой базай ЕС і актыўна ўдзельнічае ў ініцыятыве EU4Digital. «Мы спадзяваемся, што Грузія стане часткай адзінага лічбавага рынку ЕС», – падкрэсліў Гурам Гурамішвілі, намеснік міністра тэлекамунікацый і інфармацыйных тэхналогій Грузіі.
Валерыя Іонан, намесніца міністра лічбавай трансфармацыі Украіны па пытаннях еўраінтэграцыі, назвала аднаўленне лічбавай інфраструктуры краіны галоўнай задачай, таму што шмат дзе яна была моцна сапсаваная ці знішчаная падчас захопніцкай вайны Расіі супраць Украіны. Шкода была нанесеная такім ключавым аб’ектам лічбавых камунікацый, як аптавалаконная сетка, вышкі сотавай сувязі, кабелі і лічбавае абсталяванне.
Лічбавая эканоміка: як распаўсюдзіць лічбавую трансфармацыю ад стартапаў на ўсю эканоміку?
Член Еўрапейскага інавацыйнага савета і старшы спецыяліст EU4Digital па лічбавай эканоміцы Хесус Лазана лічыць, што лічбавая эканоміка вызначаецца тым, як мы ўжываем тэхналагічныя рэсурсы дзеля стварэння багацця. «Гаворачы пра лічбавую эканоміку, мы хутка прыходзім да пытання аб неабходнасці развіцця стартапаў. Але мы таксама павінны пашыраць магчымасці кластарызацыі бізнесу і праводзіць лічбавую трансфармацыю ўжо існуючых прадпрыемстваў», – пракаментаваў ён, асабліва адзначыўшы, што неабходна глядзець на праблему больш глабальна і не абмяжоўвацца толькі развіццём старатапаў.
«Азербайджан знаходзіцца паміж некалькімі геаграфічнымі рэгіёнамі, «на скрыжаванні міжнародных гандлёвых шляхоў», – сказаў Бахціяр Маммадаў, намеснік галавы адміністрацыі Міністэрства лічбавага развіцця і транспарту. Таму для краіны важна ствараць і умацоўваць трансгранічныя лічбавыя сувязі, шукаць рашэнні для спрашчэння электроннага гандлю і развіцця лічбавых транспартных калідораў. Сярод задач на будучыню – стварэнне «разумных гарадоў» і «вёсак» .
Арменія таксама паставіла ў прыярытэт функцыянальную сумяшчальнасць даных для грамадзян і прадпрыемстваў, каб усялякім дзяржаўным ведамствам не прыходзілася паўторна збіраць інфармацыю. Акрамя таго, краіна апрабавала распазнаванне электронных подпісаў ЕС і Арменіі, каб спрасціць працэсы лічбавай эканомікі. «Мы на гэтым шляху, і я не думаю, што зварот назад магчымы зараз, таму мы проста будзем памаленьку рухацца ў гэтым кірунку», – сказаў Хармік Азаран.
Пры падтрымцы EU4Digital Малдова працуе над лічбавізацыяй і спрашчэннем мытных паслуг, каб паскорыць праверку на пагранічных пунктах пропуску. Юрый Цуркану падкрэсліў, што краіна імкнецца стаць яшчэ больш сумяшчальнай з ЕС, асабліва з Румыніяй, якая з’яўляецца яе галоўным гандлёвым партнёрам.
Лічбавыя навыкі: як зрабіць так, каб УП у сваім развіцці арыентавалася на ЕС?
Хесус Лазана адзначыў, што лічбавыя навыкі, тэхналогіі ды інавацыі – гэта тры рухавікі працэсу стварэння багацця з выкарыстаннем тэхналагічных рэсурсаў.
«У Малдове мы пачалі ў асноўным з тэхналогій і скончылі тым, што мноства мікрапаслуг сталі звязаныя паміж сабой. Гэта вельмі магутна, вельмі шматабяцальна. Але мы не так шмат інвеставалі ў чалавечы капітал», – разважаў Юрый Цуркану. Ён заўважыў, што ў выніку прыйшлося перагледзець лічбавую трансфармацыю як працэс і ўзяць у разлік развіццё лічбавых навыкаў.
У той час, калі ЕС задаў вельмі дакладныя мэты для сваіх дзяржаў-членаў, Фабіа Наскімбені з Еўрапейскага фонду адукацыі, адзначыў, што і ва Усходніх краінах-партнёрах стратэгічна важныя дакументы прызнаюць лічбавыя навыкі і кампетэнцыі, здольнасці і магчымасці найбольш важнымі. Але ён заявіў, што магчымасці ацаніць узровень лічбавых навыкаў не ўсюды аднолькавыя, дадаўшы, што дасягненне амбіцыйнай мэты ў 1 мільён перападрыхтаваных грамадзян ва УП патрабуе поўнага ўкаранення ўсёабдымнай сістэмы маніторынгу для ўсяго рэгіёна, такой як еўрапейскі Індэкс лічбавай эканомікі і грамадства DESI.
Кібербяспека: як зрабіць так, каб устойлівасць заставалася асновай лічбавай трансфармацыі?
«У сувязі з вайной ва Украіне нам неабходна было поўнасцю пераглядзець нашу лічбавую стратэгію», – дадаў Юрый Цуркану, адзначыўшы, што ўстойлівасць малдаўскай адміністрацыі прыйшлося дадаць у спіс прыярытэтных задач разам з неадкладнай неабходнасцю ўмацавання дзяржаўнай сістэмы кібербяспекі.
«Узнімаючы праблему кібербяспекі ва Усходніх краінах-партнёрах, важна прагаварыць розніцу паміж краінамі. У той жа самы час мы ўсе ведаем, што многія пагрозы падобныя адна на адну», – заўважыў Танэль Танг, кіраўнік Групы падтрымкі Украіны ў Еўрапейскай камісіі. Напрыклад, агульныя гібрыдныя пагрозы, а менавіта дэзінфармацыя, былі названыя сярод частых праблем.
Кібербяспека – гэта адзін з кірункаў сумеснай рэгіянальнай праграмы ЕС і Савета Еўропы CyberEast, якая прапануе інструменты для павышэння ўстойлівасці да кібератак. Яна распаўсюджваецца не толькі на тэхнічную падрыхтоўку, але і на ўзгадненне прававых і дзяржаўных асноў з заканадаўствам ЕС.
ЕС таксама мабілізаваў 10 мільёнаў еўра для павышэння кіберустойлівасці ўкраінскіх устаноў з пачатку расійскай агрэсіі, хутка зрэагаваўшы праз праект «Падтрымка ЕС для ўмацавання кібербяспекі ва Украіне» і пакрыўшы выдаткі на праграмнае забеспячэнне, абсталяванне, крытычна важныя сістэмы інфраструктуры і эвакуацыю. Больш таго, дадатковыя 15 мільёнаў еўра былі выдзеленыя на ўстойлівую лічбавую трансфармацыю.
«У кіберпрасторы межы невыразныя ці часам зусім адсутнічаюць», – сказаў Танэль Танг, дадаўшы, што вопыт рэагавання на кіберпагрозы маецца з абодвух бакоў мяжы паміж УП і ЕС. Таму важна працягваць збіраць разам спецыялістаў па ўстойлівай лічбавай трансфармацыі з розных краін.
Дадатковая інфармацыя
Лічбавая канферэнцыя Усходняга партнёрства 24 кастрычніка і Сустрэча Кіруючага камітэта з нагоды запуску Фазы II праекта EU4Digital 25 кастрычніка 2022 года былі арганізаваныя праектам EU4Digital.
Глядзець відэатрансляцыю Лічбавай канферэнцыі Усходняга партнёрства-2022 і чытаць пра ўсіх спікераў канферэнцыі.