Сфера інфармацыйных тэхналогій з’яўляецца нацыянальным прыярытэтам развіцця Беларусі. Пра гэта прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас заявіў 31 студзеня на форуме «Лічбавая будучыня глабальнай эканомікі» ў Алматы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Паставіўшы перад сабой амбіцыйную мэту стварэння IT-краіны, мы ўзялі на сябе задачу перабудовы эканомікі і пераводу яе на лічбавыя рэйкі, — сказаў Сяргей Румас, дадаўшы, што ў Беларусі развіта інфраструктура перадачы, захоўвання і апрацоўкі дадзеных у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, механізмы ідэнтыфікацыі і сучасныя сродкі абароны інфармацыі.
Прэм’ер-міністр зазначыў, што адным з ключавых напрамкаў з’яўляецца стварэнне Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі дадзеных. Больш за 400 дзяржаўных устаноў і арганізацый паэтапна пераходзяць на выкарыстанне паслуг рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі дадзеных і воблачнай платформы.
Румас пералічыў ужо рэалізаваныя ў Беларусі праекты, у тым ліку электроннае выстаўленне падатковых рахункаў-фактур, укараненне адзінай аўтаматызаванай электроннай сістэмы рэцэптаў для Міністэрства аховы здароўя, а таксама сістэму міжведамаснага электроннага дакументаабароту для абмену электроннымі паведамленнямі паміж усімі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі на адзінай платформе.