У рамках праекта, які фінансуецца ЕС і рэалізуецца ПРААН, у Маладзечна будзе створаны рэгіянальны інавацыйны цэнтр. Адкрыццё тэхнапарка запланавана на канец 2020 года.
10 снежня праект Тэхнапарк «EnСata-мол» быў абвешчаны пераможцам конкурсу ініцыятыў, скіраваных на развіццё мясцовай інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва. Яго аўтары — кампанія «EnСata» і НДА «Цэнтр моладзевых інавацый». Рэалізацыя ў Маладзечна будзе ажыццяўляцца пры падтрымцы Маладзечанскага райвыканкама.
Ініцыятыва рэалізуецца ў рамках праекта EU4Business «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.
Ініцыятыва Тэхнапарк «EnСata-мол» будзе знаходзіць прадпрымальнікаў, навукоўцаў, вынаходнікаў і спецыялістаў прадпрыемстваў, якія маюць ідэі для інавацыйных тэхналагічных праектаў у Маладзечна і вобласці, і запрашаць іх стаць рэзідэнтамі тэхнапарка. Асаблівая ўвага прадугледжана для праектаў у перадавых галінах навукі і тэхнікі: нанатэхналогіі, мікраэлектроніка, аэракасмічныя тэхналогіі, аўтаматызацыя вытворчых аб’ектаў, сілавая электроніка, медыцынскае абсталяванне, інтэрнэт рэчаў і робататэхніка.
Праекты атрымаюць падтрымку на працягу ўсяго шляху рэалізацыі — ад ідэі да першага рабочага прататыпа, яго масавай вытворчасці і запуску ў міжнародны продаж.
Мяркуецца, што ў новым тэхнапарку плошчай 1200 кв. м. будзе створана не менш за 23 працоўныя месцы, а таксама паўстане асяроддзе для кіравання праектамі рэзідэнтаў, якое будзе прадугледжваць кансультацыйныя, адукацыйныя паслугі, тэхнічныя і іншыя кансультацыі.
Таксама плануецца адкрыць адукацыйны цэнтр, які будзе прапаноўваць навучанне па наступных напрамках:
– кіраванне інавацыйным праектам: ад ідэі да выхаду на міжнародны рынак;
– стварэнне прататыпаў (CAD-мадэляванне, праца на абсталяванні з ЧПУ, 3D-прататыпы);
– асновы і практыка «беражлівай вытворчасці»;
– лічбавыя тэхналогіі і лічбавая трансфармацыя вытворчасці.
Плануецца, што да 2024 года навучанне пройдуць не менш за 100 мясцовых жыхароў. У іх лік ўвойдуць не толькі рэзідэнты тэхнапарку, але і спецыялісты раённых прадпрыемстваў, прыватныя прадпрымальнікі, старшакласнікі і студэнты каледжаў.
«Мы выбралі Маладзечна, таму што гэта перспектыўны кірунак з пункту гледжання развіцця моладзевага інавацыйнага высокатэхналагічнага прадпрымальніцтва: тут шмат моладзі (гэта наша мэтавая аўдыторыя) — людзей з ідэямі, вынаходнікаў — і досыць шмат мікраарганізацый, невялікіх арганізацый з вялікім патэнцыялам інавацыйнага развіцця, здольных стварыць вытворчасць з высокай дабаўленай вартасцю», — адзначыў дырэктар тэхнапарку Яўгеній Мальчэўскі
Падтрымка мясцовага эканамічнага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь скіравана на падтрымку розных форм эканамічнай ініцыятывы, канкурэнтаздольнасці і інавацый на мясцовым узроўні ў Беларусі ў мэтах садзейнічання інклюзіўнаму развіццю і пашырэнню магчымасцей занятасці насельніцтва.