5 кастрычніка каманда EU4Digital па інавацыях у сферы ІКТ арганізавала віртуальны вучэбны візіт у Літву і Іспанію, падчас якога ўдзельнікі з Усходніх краін-партнёраў сустрэліся з будаўнікамі экасістэмы стартапаў ЕС. На мерапрыемстве абмеркавалі важнасць узгодненага падыходу ў развіцці экасістэмы.
Мерапрыемства прыцягнула каля 70 удзельнікаў з 40 разнастайных арганізацый Усходніх краін-партнёраў. У абмеркаванні прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў і устаноў, што каардынуюць развіццё інавацыйных экасістэм, а таксама іншыя дзеячы, такія як арганізацыі, што займаюцца інавацыямі, прадастаўляюць фінансаванне і кансультацыйныя паслугі і такім чынам умацоўваюць патэнцыял экасістэм стартапаў ва Усходніх краінах-партнёрах.
Мерапрыемства пачалося з прывітальнай прамовы спадарыні Руты Сальвітэ-Тамасюньене, намесніцы кіраўніка групы праекта EU4Digital, якая прадставіла праект EU4Digital і мэты сеткавага мерапрыемства. Далей з праграмнай прамовай пра «Важнасць, ролю і ўзнікненне будаўнікоў экасістэмы стартапаў ва Усходніх краінах-партнёрах» выступіў старшы спецыяліст напрамку інавацый у сферы ІКТ праекта EU4Digital сп-р Хесус Лазана. Ён параўнаў эфектыўнасць рэгіёна УП з пункту гледжання росту стартапаў праз аб’ёмы продажу, прыбытак і рынкі, якія ўсё яшчэ знаходзяцца на стадыі развіцця і патрабуюць асобых намаганняў для стымулявання экасістэм стартапаў УП. Спікер падкрэсліў, што будаўнікі экасістэмы стартапаў граюць важную ролю ў стварэнні, умацаванні і прасоўванні экасістэм і назваў галоўныя прынцыпы іх працы. Падсумоўваючы, сп-р Лазана прапанаваў пашырыць магчымасці дзяржаўных і прыватных арганізацый, што каардынуюць экасістэму, праз «дэкларацыю даверу і надзяленне іх з боку ўрада правам прыняцця рашэнняў, а таксама прадастаўлення ім магчымасці доступу да інфармацыі пра экасістэму для яе аналізу, што дазволіць прымаць найлепшыя стратэгічныя рашэнні для развіцця экасістэмы стартапаў».
Затым пачаўся вучэбны візіт у Літву, мадэратарам якога выступіла спадарыня Рута Сальвітэ-Тамасюньене, намесніца кіраўніка групы праекта EU4Digital. Удзельнікам сесіі падрабязна распавялі пра тое, як стваралася і развівалася экасістэма стартапаў. Асаблівую ўвагу звярнулі на развіццё рынку фінансава-тэхналагічных стартапаў. Адкрыў сесію сп-р Рычардас Валанчаўскас, дырэктар дэпартамента інавацый і прамысловасці Міністэрства эканомікі і інавацый Літоўскай Рэспублікі. Падчас прэзентацыі на тэму «Падтрымка інавацый і стартапаў у Літве» сп-р Валанчаўскас распавёў пра галоўныя інструменты развіцця экасістэмы стартапаў, сярод якіх установы, што ажыццяўляюць інавацыйную палітыку, спецыяльныя службы і механізмы фінансавання.Сп-р Валанчаўскас адзначыў асобую ролю Літоўскага інавацыйнага цэнтра і Агенцтва па навуцы, інавацыях і тэхналогіях, якія падтрымліваюць урад і бізнес, кансультуючы па пытаннях даступных падатковых ільгот, заснавання тэхналагічных кампаній, стварэння і развіцця кластараў і аказваючы іншыя паслугі. Таксама была прадстаўленая схема працы будучага Інавацыйнага агенцтва, паколькі Літва выказала патрэбнасць у спецыялізаванай арганізацыі, якая будзе займацца інавацыйнымі рашэннямі, распрацаванымі ў экасістэме. Акрамя таго, удзельнікі цікавіліся тым, як вымяраецца эфектыўнасць экасістэмы з пункту гледжання якасці і прагрэсу, а не колькасці стартапаў. У гэтым выпадку выкарыстоўваюцца такія ключавыя паказальнікі эфектыўнасці, як уклад стартапаў у ВУП, экспарт, стварэнне працоўных месцаў і да т.п.
Далей удзельнікі даведаліся пра падрабязнасці «Развіцця і падтрымкі літоўскай экасістэмы стартапаў» з прэзентацыі спадарыні Раберты Рудакене, галавы Startup Lithuania. Спадарыня Рудакене адзначыла, што роля каардынатара, у якой выступае Startup Lithuania, заключаецца ў тым, каб надзяляць дзеячаў экасістэмы магчымасцямі і ўсяляк падтрымліваць іх, а таксама сачыць за працай экасістэмы і ацэньваць яе эфектыўнасць. Падчас абмеркавання ўдзельнікаў пазнаёмілі з асобнымі інструментамі Startup Lithuania, такімі як гранты для суаўтараў, перадакселерацыйны курс і арганізацыя міжгаліновых хакатонаў.
Услед за тэмай дапамогі экасістэме стартапаў удзельнікі паглыбіліся ў практычныя пытанні развіцця фінансава-тэхналагічных стартапаў і падтрымкі рэгулятараў у Літве па ініцыятыве спадарыні Руты Меркевічутэ, дырэктара аддзела фінансавых паслуг і нагляду за рынкамі Банка Літвы. У сваёй прэзентацыі «Фінансава-тэхналагічная і інавацыйная палітыка ў Літве: баланс паміж магчымасцямі і прафілактыкай рызык» спадарыня Меркевічутэ зрабіла агляд набору інструментаў для фінансава-тэхналагічных стартапаў, у ліку якіх рэгулятарная пясочніца для кансультавання новых гульцоў на рынку па пытаннях рэгулявання і для ацэнкі жыццяздольнасці іх бізнес-мадэлей, спрашчэнне працэдуры выдачы ліцэнзій пастаўшчыкам фінансава-тэхналагічных паслуг, а таксама інавацыйныя падыходы да нагляду за фінансава-тэхналагічнымі стартапамі. Адказваючы на пытанні ўдзельнікаў, спадарыня Меркевічутэ распавяла пра асаблівасці ліцэнзавання і пра падыход да яго ў фінансава-тэхналагічнай сферы, якога прытрымліваецца Банк Літвы, а таксама пра кіраванне рызыкамі, звязанымі з фінансава-тэхналагічнымі рашэннямі, якое ажыццяўляюць дзяржаўныя органы.
Падчас другой сесіі, якую мадэраваў старшы спецыяліст напрамку інавацый у сферы ІКТ праекта EU4Digital сп-р Хесус Лазана, удзельнікі сустрэліся з будаўнікамі экасістэмы з Іспаніі. Яны падзяліліся вопытам развіцця розных абласцей экасістэмы, такіх як доступ да адукацыі, фінансавання і рэсурсаў (сродкаў). Спачатку выступіў д-р Альвара Сімон дэ Блас, прэзідэнт Нацыянальнай асацыяцыі Еўрапейскіх бізнес-інавацыйных цэнтраў (ANCES). Ён распавёў пра развіццё інавацыйных устаноў для стартапаў у Іспаніі ў прэзентацыі пра «Нацыянальную асацыяцыю бізнес-інавацыйных цэнтраў Іспаніі». Сп-р Сімон растлумачыў, як ANCES у супрацоўніцтве з Еўрапейскай сеткай бізнес-анёлаў (EBAN) і з дзяржаўнымі і прыватнымі арганізацыямі з Іспаніі паспрыяла стварэнню і ўмацаванню патэнцыялу больш чым 30 бізнес-інавацыйных цэнтраў. Сп-р Сімон таксама прадставіў інструменты фінансавання і адкрытых інавацый, унутраныя вучэбныя курсы і сістэму рэгістрацыі гандлёвых марак тэхналагічных кампаній. Напрыканцы ANCES пацвердзіла гатоўнасць да супрацоўніцтва з урадамі УП па пытаннях нарошчвання патэнцыялу бізнес-інавацыйных цэнтраў.
Пасля гэтага сп-р Хордзі Гарсія, дырэктар па вытворчых і стратэгічных пытаннях Нацыянальнага інавацыйнага прадпрыемства (ENISA) пагаварыў пра «Экасістэмы прадпрымальніцтва і інавацый» і пра іх развіццё дзякуючы фінансаванню. Сп-р Гарсія распавёў пра ролю ENISA, якое з’яўляецца адным з галоўных пастаўшчыкоў заведама прыбытковых праектаў у межах разнастайных праграм фінансавання для прадпрымальнікаў і МСП, куды ўваходзяць спецыяльныя механізмы для жанчын-прадпрымальніц у лічбавай сферы і лічбавізацыя аграхарчовых МСП. Апрача гэтага, ENISA уносіць уклад у распрацоўку заканадаўства, што датычыцца стартапаў, а таксама стратэгіі стартап-нацый дзякуючы глыбокім практычным ведам пра фінансавыя патрэбы МСП. Нарэшце прадстаўнікі ENISA заклікалі скарыстацца базай Інстытута знешняга гандлю Іспаніі ICEX або лабараторый інавацыйнага развіцця NESTA у краінах УП, а таксама паведамілі пра магчымасць запуску праграм сумеснага фінансавання.
Апошняй тэмай візіту ў Іспанію стаў доступ стартапаў да адукацыі і магчымасці правядзення навуковых даследаванняў. Д-р Хуан Мануэль Карчада Радрыгес, дырэктар даследчай групы па біяінфарматыцы, інтэлектуальных камп’ютарных сістэмах і адукацыйных тэхналогіях (BISITE) Універсітэта Саламанкі, выступіў з прэзентацыяй на тэму «Стварэнне даследчага асяроддзя для інавацый і прадпрымальніцтва». Сп-р Карчада Радрыгес растлумачыў, як на аснове BISITE і сумесна з прыкладна 40 галіновымі партнёрамі Цэнтр лічбавых тэхналогій па пытаннях інтэрнэту рэчаў развіваецца і ўносіць уклад у адкрытую інавацыйную экасістэму ў Саламанцы і рэгіёне. Акрамя таго, акселератар BISITE садзейнічае перадачы тэхналогій і стварэнню прыватных даччыных кампаній, што дапамагае Універсітэту Саламанкі забяспечваць устойлівасць сваёй дзейнасці.
Заключная частка сесіі была прысвечаная наладжванню сувязей і абмеркаванню паміж удзельнікамі перадавога вопыту і набытых ведаў, якія можна выкарыстоўваць для стымулявання развіцця экасістэм стартапаў ва Усходніх краінах-партнёрах. Падводзячы вынікі, трэба адзначыць, што для развіцця экасістэмы стартапаў самым важным з’яўляецца ўзгоднены падыход да прадастаўлення дзеячам экасістэмы доступу да фінансавання, рэсурсаў, рынка і ведаў. Неабходна зрабіць упор на ўсе фазы жыццёвага цыкла стартапа, каб нарасціць патэнцыял і забяспечыць станоўчы каэфіцыент канверсіі стартапаў.
Прэзентацыі