З 19 мая праграма Horizon 2020, у распараджэнні якой знаходзіцца бюджэт у 56 млн еўра, заклікае да дзейнасці ў галіне медыцынскіх тэхналогій, лічбавых інструментаў і аналітыкі штучнага інтэлекту, каб хутка пачаць укараненне новых рашэнняў з выкарыстаннем гэтых тэхналогій для ўдасканалення сродкаў рэагавання на каронакрызіс, паскарэння рэабілітацыі і каб лепш падрыхтавацца да падобных крызісаў у будучыні. Да ўдзелу заклікаюцца краіны Усходняга партнёрства.
Гэтае мерапрыемства з’яўляецца часткай Закліку да выказвання зацікаўленасці з агульным бюджэтам у 122 млн еўра, які быў сабраны дзякуючы праграме Еўрапейскай камісіі па даследаваннях і інавацыях Horizon 2020 для неадкладнай дзейнасці ў барацьбе з каронавірусам. Гэты заклік таксама накіраваны на пераарыентаванне вытворчасці для забеспячэння дастатковай колькасці жыццёва неабходных медыцынскіх тавараў і абсталявання, на вывучэнне ўплыву ўспышкі віруса на паводзіны, грамадства і эканоміку і таксама на стварэнне пан’еўрапейскіх груп па пытаннях COVID-19.
Падтрымка інавацыйных рашэнняў падчас каронакрызісу
Цэлы шэраг перадавых тэхналогій, распрацаваных пры падтрымцы ЕС, ужо выкарыстоўваецца ці прыстасоўваецца для барацьбы з COVID-19. Сюды ўваходзяць штучны інтэлект, робататэхніка, мікра/нана/кібер-фізічныя сістэмы; біяфатоніка; графен ці падобныя матэрыялы; дадзеныя, штучны інтэлект і робататэхніка; электронная ахова здароўя, тэлемедыцына і лічбавыя рашэнні.
Некаторыя існуючыя праекты прыстасоўваюцца да новых патрэбнасцей, напрыклад, для выкарыстання інавацыйных рашэнняў робататэхнікі ў медыцыне ў рамках бягучага праекта «DIH-HERO: Цэнтры лічбавых інавацый у галіне медыцынскай робататэхнікі». Іншыя тэхналогіі могуць выкарыстоўвацца для выяўлення паталогій за некалькі хвілін, стэрылізацыі паверхняў, аўтаматызацыі працэсаў, стварэння лепшай абарончай экіпіроўкі, напрыклад, масак, і аналізу дадзеных пры дапамозе штучнага інтэлекту, каб адсочваць выпадкі заражэння і дынаміку захворвання.
Многія ўрады, кампаніі і грамадскія арганізацыі распрацавалі ініцыятывы ў галіне мабільнай аховы здароўя для інфармавання насельніцтва і каб дапамагчы ўзяццю сітуацыі з крызісам пад кантроль. Няпоўны спіс некаторых ініцыятыў, распрацаваных на еўрапейскім ўзроўні, быў складзены праектам Цэнтра мабільнай аховы здароўя, які фінансуецца ЕС.
Хуткія і даступныя рэзультаты для ўсіх
Падаць заяўку можна да 11 чэрвеня 2020 года, каб арганізатары змаглі хутчэй падзяліцца рэзультатамі. Новыя рашэнні павінны быць даступныя для ўсіх і адпавядаць прынцыпам Сусветнага адказу на каронавірус. Для гэтага Камісія ўключыць у пагадненні аб грантах пункты наконт хуткага абмену дадзенымі, каб забяспечыць магчымасць імгненнага выкарыстання атрыманых рэзультатаў і зробленых адкрыццяў.
Дадатковая інфармацыя аб тым, што робіць Камісія ў дадзены час, каб падтрымаць краіны-члены ў іх барацьбе супраць Covid-19 з выкарыстаннем такіх лічбавых тэхналогій, як дадзеныя, суперкамп’ютары і штучны інтэлект, даступна на гэтай вэб-старонцы.