22 красавіка на сеткавым мерапрыемстве, арганізаваным камандай EU4Digital па інавацыях у сферы ІКТ, былі прадстаўленыя паслугі і сеткі лепшых праектаў і ініцыятыў ЕС, якія падтрымліваюць развіццё цэнтраў лічбавых інавацый (ЦЛІ) і наладжванне сувязей паміж імі. Падчас мерапрыемства таксам абмеркавалі падыходы да распрацоўкі спецыялізаваных паслуг, бізнес-мадэлей і праграм нарошчвання патэнцыялу ва Усходніх краінах-партнёрах.
На мерапрыемстве сабраліся прадстаўнікі перадавых арганізацый ЕС у дадзенай сферы, уключаючы наступныя:
- Генеральны дырэктарат Еўрапейскай камісіі па камунікацыйных сетках, кантэнце і тэхналогіях (DG CONNECT).
- Сетка цэнтраў лічбавых інавацый (DIHNET.EU).
- Найбуйнейшыя ў Еўропе экасістэмы фінансавання навукаёмістых інавацый – FundingBox.
- «Ініцыятыва ЕС «Інавацыі ў сферы ІКТ для МСП апрацоўчай галіны» (I4MS).
- ЦЛІ з краіны-члена ЕС – am-LAB (Венгрыя).
Мерапрыемства прыцягнула каля 70 удзельнікаў з 39 дзяржаўных і прыватных мэтавых арганізацый з Усходніх краін-партнёраў. У абмеркаванні прынялі ўдзел прадстаўнікі цэнтраў кампетэнцый з інфраструктурай, заснаванай на лічбавых тэхналогіях, арганізацый падтрымкі прадпрымальніцтва, сетак і асацыяцый, звязаных з лічбавай трансфармацыяй МСП і Індустрыяй 4.0, а таксама прадстаўнікі ўзроўню міністэрстваў і органаў, якія каардынуюць развіццё інавацыйных экасістэм ва Усходніх краінах-партнёрах.
Адкрыў мерапрыемства кіраўнік каманды праекта EU4Digital Артурас Піліпоніс, які прадставіў праект EU4Digital і мэты сеткавага мерапрыемства. Следам за ім з праграмнай прамовай на тэму «Ініцыятыва па пераходзе еўрапейскай прамысловасці на лічбавыя тэхналогіі і Еўрапейскія цэнтры лічбавых інавацый (ЕЦЛІ)» выступіў сп. Маціяс Куом, камандзіраваны нацыянальны эксперт Еўрапейскай камісіі (DG CONNECT). Ён падрабязна прааналізаваў дзейнасць Ініцыятывы па пераходзе еўрапейскай прамысловасці на лічбавыя тэхналогіі і Еўрапейскіх ЦЛІ і падкрэсліў важнасць выбіральнай спецыялізацыі для інавацыйнай і эфектыўнай эканамічнай трансфармацыі. Сп. Куом адзначыў, што палітыка ЕС, накіраваная на падтрымку МСП, датычыцца як дзяржаўных, так і прыватных навукова-даследчых арганізацый. Удзельнікам прапанавалі азнаёміцца з існымі праектамі і ініцыятывамі для спрашчэння супрацоўніцтва накшталт Smart Anything Everywhere (SAE), якая садзейнічае наладжванню сувязей паміж ЦЛІ ў розных сферах інавацыйнай дзейнасці. Пра наладжванне сувязей паміж ЦЛІ таксама пагаварыў сп. Маўрыц Бутэр, кіраўнік праекта ў DIHNET.EU, які прадставіў «Агляд сітуацыі з ЦЛІ ў Еўропе».Ён апісаў чатыры структурных элементы сеткі ЕЦЛІ, а таксама механізм для арыентацыі, які робіць упор на эфектыўным выкарыстанні спецыялізацый арганізацыямі з Усходніх краін-партнёраў і на іх істотнай ролі для наладжвання шляхоў супрацоўніцтва з іншымі ЦЛІ ў Еўропе. Сп. Бутэр растлумачыў удзельнікам, як яны могуць знайсці інфармацыю пра адкрытыя конкурсы для ўдзелу ў праектах, якія рэгулярна абнаўляюцца, маюць розныя крытэрыі адбору і ў асноўным непасрэдна служаць інтарэсам МСП. Дакладчык таксама заклікаў удзельнікаў быць прагматычнымі і пачынаць дзейнічаць і прапанаваў ім прадаставіць
даныя аб сваіх арганізацыях для Каталога Цэнтраў лічбавых інавацый і звязвацца з іншымі ЦЛІ для магчымага супрацоўніцтва.
Пра магчымасці для развіцця ЦЛІ і каскаднага фінансавання для Усходніх краін-партнёраў распавяла сп. Майтэ Караседо, партнёр і галава аддзела развіцця бізнесу ў FundingBox, у сваёй прэзентацыі «Вопыт працы FundingBox з ключавымі механізмамі падтрымкі пераходу МСП на лічбавыя тэхналогіі». Сп. Караседо падрабязна апісала механізм каскаднага фінансавання, які ўжываецца для лічбавай трансфармацыі МСП, а таксама падзялілася перадавым вопытам стварэння і развіцця ЦЛІ. Было адзначана, што важнай перадумовай для стварэння ЦЛІ з’яўляецца зацікаўленасць мясцовых МСП. Іншымі важнымі фактарамі, што ўздзейнічаюць на развіццё ЦЛІ, з’яўляюцца бізнес-план, картаграфаванне кампетэнцый партнёраў, распрацоўка надзейнага пагаднення аб кансорцыуме, каб пазбегнуць канфліктаў, а таксама наладжванне сувязей для супрацоўніцтва з канкрэтнымі ЦЛІ.
Ганна Побаль, кіраўнік напрамку інавацый у сферы ІКТ, падкрэсліла, што мадэль каскаднага фінансавання можа стаць ідэальнай мадэллю для паўтарэння ва Усходніх краінах-партнёрах з выкарыстаннем дзяржаўных і знешніх крыніц фінансавання, таму што яна прадастаўляе мэтанакіраваны і спрошчаны доступ да фінансавання з прычыны скарачэння бюракратычных працэдур.
Другая частка мерапрыемства была прысвечаная падтрымцы, якую ЦЛІ прапануюць прадпрыемствам апрацоўчай галіны, што пераходзяць на лічбавыя тэхналогіі. Сп. Марыя Рока, менеджар праектаў у I4MS, зрабіла агляд сродкаў, даступных для ўзмацнення канкурэнтаздольнасці МСП апрацоўчай галіны, якія заснаваны на лічбавых інавацыях, у сваёй прэзентацыі «Ініцыятыва ЕС «Інавацыі ў сферы ІКТ для МСП апрацоўчай галіны». Да іх адносіцца адкрыты доступ да анлайн-супольнасці I4MS з шырокай базай спецыялістаў па «разумнай вытворчасці», сістэма пасрэдніцтва і каталог паглыбленых трэнінгаў ад членаў супольнасці. Спікер звярнула ўвагу на агульныя праблемы, з якімі сутыкаюцца прадпрыемствы апрацоўчай галіны, распавяла пра адкрытыя конкурсы для МСП, а таксама пра практычныя інструменты падтрымкі лічбавізацыі МСП апрацоўчай галіны, такія як MIDIH і AMable. У дадатак сп. Рока паведаміла пра магчымасць для арганізацый УП стаць каардынатарамі I4MS і скарыстацца накіраванай інфармацыйнай падтрымкай аб пераходзе МСП на лічбавыя тэхналогіі.
У заключнай частцы сесіі заснавальнік ЦЛІ ў Венгрыі і пераможца конкурсу для ЦЛІ «2020 DIH Champions Challenge» сп. Балаж Барта выступіў з дакладам на тэму «Вопыт перадавых ЦЛІ краіны-члена ЕС: спецыялізацыя паслуг і выкарыстоўваемая бізнес-мадэль». Сп. Барта зрабіў агляд шляху развіцця ЦЛІ. Ён распавёў пра тое, як на падставе вынікаў серыі семінараў, на якіх былі вызначаныя патрэбнасці рынку, ствараўся партфель паслуг am-LAB, а таксама пра спосабы наладжвання міжнароднага супрацоўніцтва для ажыццяўлення сумесных праектаў і праграм з мэтай накаплення спецыялізаванага вопыту. Ён заклікаў удзельнікаў быць крэатыўнымі пры распрацоўцы паслуг і бізнес-мадэлей, а таксама запрасіў іх да супрацоўніцтва з am-LAB.
Сп. Аляксандр Юрчак, дырэктар АППАУ (Украіна), падкрэсліў, што ЦЛІ ў краінах УП цяжка ажыццяўляць тэхналагічнае тэставанне і праводзіць праверку з-за адсутнасці неабходнай тэхналагічнай інфраструктуры. У адказ на гэта сп. Барта падзяліўся вопытам абсталявання сваёй лабараторыі тэхнічнымі прыладамі і ўдасканалення навыкаў персаналу для кансультавання МСП, што падразумявала пошук інжынераў, якія былі гатовыя навучыцца нетрадыцыйным метадам працы і апрабаваць іх. Акрамя таго, сп. Юрчак, які займаецца распрацоўкай платформы Industry4Ukraine ва Украіне, адзначыў, што абмен вопытам стварэння аперацыйных мадэлей для цэнтраў лічбавых інавацый, якім валодаюць паспяховыя ЦЛІ ЕС, з’яўляецца такім жа каштоўным для арганізацый з Усходніх краін-партнёраў, што жадаюць развіваць патэнцыял тэхналагічнай інфраструктуры, каб МСП маглі тэставаць і выкарыстоўваць новыя
рашэнні. Ён выказаў падтрымку новым ініцыятывам па наладжванні сувязей паміж арганізацыямі з ЕС і УП і арганізацыі практычных вучэбных візітаў. У дадатак было адзначана, што існуе неабходнасць у больш спецыялізаваных праграмах, накіраваных на пераадоленне разрыву, звязанага з тэхналагічнай інфраструктурай, для цэнтраў капметэнцый і экспертызы з Усходніх краін-партнёраў.
Напрыканцы мерапрыемства Ганна Побаль, кіраўнік праекта EU4Digital у галіне ІКТ-інавацый, адзначыла, што не толькі асобам, што вызначаюць палітыку, можа быць карысна азнаёміцца з палітыкай і інструментамі для забеспячэння лічбавай трансфармацыі, якія прымяняюцца ў ЕС. Усе дзеячы інавацыйнай экасістэмы, такія як пастаўшчыкі тэхналагічных рашэнняў, навукова-даследчыя арганізацыі, дзелавыя асацыяцыі і арганізацыі, што займаюцца інавацыйнай інфраструктурай, могуць развівацца, вывучаючы вопыт ЦЛІ ЕС са сталымі метадамі працы і наборамі паслуг. Арганізацыі Усходніх краін-партнёраў павінны прымаць меры, каб паглыбіць сваю спецыялізацыю і зрабіць лічбавыя тэхналогіі больш даступнымі для МСП у сваіх краінах, далучаючыся да сетак ЕС і даведваючыся больш аб інструментах і вопыце міжнародных інавацыйных супольнасцей.
***
Сеткавыя мерапрыемствы ў галіне інавацый у сферы ІКТ Мэта сеткавых мерапрыемстваў у галіне інавацый у сферы ІКТ – садзейнічаць стварэнню супольнасцей УП, якія будуць ажыццяўляць дзейнасць у абраных напрамках палітыкі ў галіне інавацый у сферы ІКТ. Акрамя стварэння сетак у рэгіёне, яны арыентаваны на ўсталяванне двухбаковых і шматбаковых сувязей паміж арганізацыямі з Усходніх краін-партнёраў і зацікаўленымі бакамі з ЕС для ажыццяўлення далейшай сумеснай дзейнасці і праектаў. Мэта гэтых намаганняў – агульнае паглыбленне ведаў і разумення адпаведнага перадавога вопыту ЕС зацікаўленымі бакамі ў рэгіёне. Зыходзячы з вышэйпададзенага, гэтая серыя мерапрыемстваў накіравана на шырокую аўдыторыю, у тым ліку на прадстаўнікоў узроўню міністэрстваў і на органы, асацыяцыі і сеткі, якія дзейнічаюць у адпаведных напрамках палітыкі, інфраструктурныя арганізацыі ў сферы ІКТ, а таксама на іншых дзеячаў інавацыйных экасістэм у сферы ІКТ.
Presentations: