27 верасня ключавыя зацікаўленыя бакі з Усходняга партнёрства збяруцца на «Лічбавай канферэнцыі для Усходняга партнёрства», на якой абмяркуюць тэмы, пачынаючы ад высокахуткаснага інтэрнэту і канчаючы лічбавым бізнесам і анлайн-гандлем.
Канферэнцыя пройдзе ў віртуальным фармаце ў межах штогадовай сустрэчы Кіруючага камітэта EU4Digitial, якая прадоўжыцца з 27 верасня па 1 кастрычніка. Каля 450 чалавек былі запрошаныя на канферэнцыю, у тым ліку афіцыйныя асобы дзяржаў і ЕС і іншыя зацікаўленыя бакі, што прадстаўляюць дзяржаўны і прыватны сектар і ўдзельнічаюць у лічбавай трансфармацыі ва Усходніх краінах-партнёрах.
Канферэнцыя пачнецца а 10-й гадзіне раніцы, у панядзелак, 27 верасня. Прамую трансляцыю на англійскай мове можна паглядзець на вэб-старонцы Кіруючага камітэта EU4Digital.
Асноўную ўвагу ўдзельнікі віртуальнай канферэнцыі скіруюць на ролю ініцыятывы EU4Digital у садзейнічанні лічбавай трансфармацыі ў рэгіёне Усходняга партнёрства. Яны абмяркуюць такія тэмы, як зніжэнне рознічных цэн за кошт тэлекамунікацыйнай інфраструктуры, 5G і даступны высокахуткасны інтэрнэт, узмацненне лічбавага бізнесу праз МСП і экасістэмы стартапаў, а таксама тэхналогіі электроннай камерцыі для садзейнічання анлайн-гандлю паміж ЕС і Усходнімі краінамі-партнёрамі.
Адкрые канферэнцыю Катарына Матэрнава, намесніца галавы Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па пытаннях добрасуседства і перамовах аб пашырэнні.
Мерапрыемства будзе складацца з пяці пасяджэнняў, кожнае з якіх будзе прысвечанае пэўным аспектам лічбавай трансфармацыі ў рэгіёне:
- Хуткасць: адсутнасць абмежаванняў у лічбавую эпоху.
- Тэлекамунікацыйная інфраструктура: закладанне асноў для зніжэння рознічных тарыфаў на роўмінг, 5G і даступны высокахуткасны інтэрнэт.
- Умацаванне становішча новага пакалення лічбавх прадпрыемстваў праз МСП і экасістэмы стартапаў ва Усходнім партнёрстве.
- Як эксперыментальныя тэхналогіі электроннай камерцыі могуць спрыяць анлайн-гандлю паміж ЕС і УП.
- Панэльнае абмеркаванне адукацыйных тэхналогій: як пашырыць лічбавыя магчымасці 1 мільёна грамадзян УП.
З праграмнай прамовай выступіць Аляксандр Паняверскі, кіраўнік напрамку лічбавых і найноўшых тэхналогій у EY Global, міравы лідар у сферы інтэрнэту рэчаў 2020 года і аўтар кнігі «SPEED no limits in the digital era». Сярод спікераў таксама будуць выдатныя дзеячы лічбавай індустрыі, спецыялісты праекта EU4Digital і вышэйшыя афіцыйныя асобы з Усходніх краін-партнёраў і Еўрапейскай камісіі.
EU4Digital імкнецца пашырыць Адзіны лічбавы рынак Еўрапейскага саюза на Усходнія дзяржавы-партнёры, развіваючы патэнцыял лічбавай эканомікі і лічбавага грамадства, каб садзейнічаць эканамічнаму росту, ствараць новыя працоўныя месцы, паляпшаць якасць жыцця і дапамагаць прадпрыемствам.