Еўрапейскі саюз фінансуе 13 праектаў, інавацыйныя падыходы якіх заснаваны на выкарыстанні лічбавых інструментаў і штучнага інтэлекту для распрацоўкі новых рашэнняў, накіраваных на абарону медыцынскіх працаўнікоў, хуткае выяўленне і прадухіленне распаўсюджвання COVID-19, а таксама на павышэнне эфектыўнасці аддзяленняў інтэнсіўнай тэрапіі – інакш кажучы, на ўсё тое, што можа дапамагчы ў барацьбе з пандэміяй COVID-19.
Пандэмія яскрава прадэманстравала патрэбу ў высакаякасных даных, лічбавых тэхналогіях і інструментах штучнага інтэлекту для аналітыкі. Гэтыя тэхналогіі з’яўляюцца ключавым элементам барацьбы ЕС з гэтай неспадзяванай і сур’ёзнай пагрозай для здароўя.
Каб сістэма аховы здароўя была лепш падрыхтаваная да рэагавання на падобныя сітуацыі, а таксама для паскарэння ўвядзення ў эксплуатацыю і замацавання на рынку сталых лічбавых медыцынскіх тэхналогій для больш эфектыўнай прафілактыкі і лячэння захворванняў, Еўрапейская камісія аб’явіла аб пачатку прыёму заявак для ўдзелу ў праграме «Гарызонт 2020 Сацыяльныя выклікі 1», якая накіравана на барацьбу з COVID-19.
На працягу наступных 24 месяцаў 13 абраных праектаў з агульным бюджэтам у 55,2 мільёна еўра распрацуюць рашэнні ў чатырох узаемазвязаных абласцях:
- Выкарыстанне тэлемедыцыны для лячэння COVID-19 у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі.
- Стварэнне новых прылад і сродкаў для больш хуткай, таннай і спрошчанай дыягностыкі COVID-19
- Выкарыстанне тэлемедыцыны і штучнага інтэлекту для дыягностыкі і бяспечнага назірання за пацыентамі з мэтай памяншэння нагрузкі на сістэмы аховы здароўя.
- Абарона медыцынскіх працаўнікоў пры дапамозе новых тэхналогій.
У адпаведнасці з планам першыя прататыпы павінны з’явіцца ў наступныя 6-12 месяцаў.