Лічбавізацыя прамысловасці: перадавы вопыт для садзейнічання лічбавай трансфармацыі МСП у традыцыйных галінах эканомікі

  • Дата: 03/07/20
  • Падзяліцца:

Адным з цэнтральных напрамкаў дзейнасці фонду EU4Digital у галіне інавацый ІКТ з’яўляецца падтрымка стварэння агульнай заканадаўчай базы ў галіне інавацый ІКТ у краінах рэгіёна Усходняга партнёрства на аснове норм і перадавога вопыту ЕС.

Працуючы для дасягнення дадзенай мэты, фонд EU4Digital вызначыў перадавы вопыт рэгулявання ЕС для напрамкаў палітыкі, якія былі абраны краінамі Усходняга партнёрства:

  • Кіраванне правамі інтэлектуальнай уласнасці ў галіне лічбавых інавацый (Арменія);
  • Новыя арганізацыйныя формы для падтрымкі інавацый у галіне ІКТ (Азербайджан);
  • Доступ да фінансавання МСП у галіне лічбавых інавацый (Грузія, Украіна);
  • Інавацыйныя сістэмы ІКТ для стартапаў і скейлапаў (Малдова);
  • Лічбавізацыя прамысловасці (лічбавая трансфармацыя МСП у традыцыйных галінах гаспадаркі) (Беларусь).

Дадзены артыкул змяшчае агляд перадавога вопыту ЕС у сферы Лічбавізацыі прамысловасці (лічбавай трансфармацыі МСП у традыцыйных галінах гаспадаркі), якая была абрана Беларуссю ў якасці прыярытэтнага напрамку палітыкі.

Лічбавая трансфармацыя адрозніваецца ад аўтаматызацыі і інфарматызацыі: яна патрабуе сістэматычных змяненняў у бізнес-працэсах, бізнес-мадэлях і эканамічных адносінах на прадпрыемстве і вакол яго. Стварэнне асяроддзя для лічбавай трансфармацыі МСП, якія ажыццяўляюць дзейнасць у традыцыйных галінах эканомікі, павінна прадугледжваць комплекс спецыялізаваных тэхналагічных і бізнес-кансультацый, якія забяспечваюцца навукова-практычнымі цэнтрамі, а таксама супрацоўніцтва паміж прыватным і дзяржаўным сектарам у дзяржаўных ініцыятывах (г.зн. у набыцці навыкаў і агульных стандартаў), а таксама комплексную фінансавую базу для падтрымкі МСП у іх складаным пачынанні. 

Лічбавая трансфармацыя разумеецца Еўрапейскай камісіяй як комплекс перадавых тэхналогій, які аб’ядноўвае фізічныя і лічбавыя сістэмы, і ў спалучэнні з інавацыйнымі бізнес-мадэлямі і працэсамі вядзе да стварэння разумных прадуктаў, паслуг і значнага ўдасканалення прадукцыйнасці. 3D-пячаць паскарае вытворчы працэс і робіць яго больш танным, аналіз дадзеных павялічвае эфектыўнасць прадукцыі, лічбавыя базы дадзеных дазваляюць ажыццяўляць кантроль у рэжыме рэальнага часу для спрашчэння кіравання, а лічбавыя тэхналогіі спрашчаюць набыццё матэрыялаў і дэталей [DigitaliseSME, 2020].

Праграма і стратэгія лічбавізацыі прадпрыемстваў у традыцыйных галінах гаспадаркі

ЕК падтрымлівае лічбавізацыю еўрапейскай прамысловасці і звяртае асаблівую ўвагу на традыцыйныя галіны гаспадаркі, малыя і сярэднія прадпрыемствы і рэгіянальныя адрозненні. Першая ініцыятыва ЕС у прамысловасці «Лічбавізацыя еўрапейскай прамысловасці» (DEI) была запушчана ў рамках стварэння Адзінага лічбавага рынку ў красавіку 2016 года. Ініцыятыва імкнецца дапамагчы еўрапейскім прадпрыемствам усіх памераў, незалежна ад іх месцазнаходжання і сферы дзейнасці, атрымаць карысць ад лічбавых інавацый.

Для падтрымкі лічбавізацыі прамысловасці ініцыятыва «Лічбавізацыя еўрапейскай прамысловасці» прадугледжвае выдзяленне прыватных і дзяржаўных інвестыцый у памеры да 50 мільярдаў еўра. Ініцыятыва распаўсюджваецца на краіны, «якія падпадаюць пад Еўрапейскую палітыку суседства ў адпаведнасці з агульнымі прынцыпамі і агульнымі палажэннямі і ўмовамі для ўдзелу гэтых краін у праграмах ЕС, вызначаных у адпаведных рамачных пагадненнях і Рашэннях савета асацыяцыі ці падобных пагадненнях, і ў адпаведнасці з пэўнымі ўмовамі, акрэсленымі ў пагадненнях паміж ЕС і гэтымі краінамі» (COM/2018/435 final).

У дадатак да гэтай усёабдымнай ініцыятывы краіны-члены ЕС прымаюць тэарэтычныя і выканаўчыя дакументы на дзяржаўным і рэгіянальным узроўнях для падтрымкі лічбавізацыі традыцыйных сфер гаспадаркі. Напрыклад, План мерапрыемстваў па лічбавізацыі Федэральнага ўрада Германіі дапоўнены Лічбавай стратэгіяй да 2025 года Федэральнага міністэрства эканомікі і энергетыкі.  

Фінансаванне лічбавай трансфармацыі МСП

Даследаванне ЕІБ 2019 года паказвае, што шмат еўрапейскіх МСП сустракаюцца з цяжкасцямі доступу да фінансавання, так як банкам можа не хапаць вопыту ацэнкі лічбавых праектаў, што ставіць лічбавыя праекты ў неспрыяльнае палажэнне ў параўнанні з іншымі праектамі. Рэкамендацыі ЕІБ уключаюць распрацоўку набору спецыяльных фінансавых інструментаў для лічбавых праектаў разам з адпаведнымі арганізацыйна-інфармацыйнымі мерамі.

На ўзроўні ЕС праграма COSME (2014-2020), накіраваная на павелічэнне канкурэнтаздольнасці МСП, заснавала Фонд крэдытных гарантый COSME (LGF), які падтрымлівае фінансаванне праектаў лічбавай трансфармацыі МСП ва ўсіх сферах эканомікі. Розныя віды дапамогі даступны на дзяржаўным узроўні. Напрыклад, у Іспаніі лічбавая трансфармацыя прадпрыемстваў спрашчаецца паміж іншага пры дапамозе наступных трох інструментаў:

  • медыяцыя фінансавання, пры дапамозе якой Інстытут афіцыйнага крэдытавання Іспаніі (ICO) выдзяляе фінансавую дапамогу, выступаючы пасрэднікам для крэдытных арганізацый;
  • кампанія, якая кіруе капіталам, звязаным з рызыкай, ці венчурным капіталам са 100%-ым удзелам ICO, што забяспечвае кампаніі інструментамі для прыцягнення капіталу ці квазікапіталу для фінансавання іх росту;
  • непасрэднае фінансаванне, заснаванае на пазыках для буйных праектаў інвестыцый у лічбавую трансфармацыю.

Галоўны орган, які распрацоўвае палітыку ў галіне лічбавай трансфармацыі

Лепшыя прыклады з практыкі краін ЕС паказваюць, што добра збалансаваная і абсталяваная сетка  дырэктыўных органаў для правядзення і падтрымкі лічбавай трансфармацыі ў краіне павінна мець галоўны орган, які распрацоўвае палітыку ў галіне лічбавай трансфармацыі. Галоўны дырэктыўны орган стварае збалансаваныя узаемадапаўняльныя механізмы для развіцця і ўкаранення інструментаў палітыкі для лічбавай трансфармацыі.

Галоўны дырэктыўны орган супрацоўнічае з іншымі палітычнымі агенцтвамі, якія могуць унесці ўклад у распрацоўку і ўкараненне палітыкі. Іншыя палітычныя органы і агенцтвы павінны мець яснае разуменне свайго поля дзеяння і быць здольнымі адпаведна размяркоўваць чалавечыя і фінансавыя рэсурсы.

Каб прававая база адпавядала тэхналагічнаму развіццю, эксперты з прадпрымальніцкай і прамысловай супольнасцей павінны прымаць удзел у распрацоўцы нарматыўнай базы для інавацыйных лічбавых тэхналогій.

Цэнтры кампетэнцый, адукацыя ў галіне лічбавай трансфармацыі і перадача ведаў

Яшчэ адным важным элементам еўрапейскай палітыкі, накіраванай на лічбавізацыю еўрапейскай прамысловасці, з’яўляецца сетка Цэнтраў лічбавых інавацый (ЦЛІ). Цэнтры лічбавых інавацый вызначаюцца як мнагамэтавыя прадпрыемствы, якая дапамагаюць кампаніям стаць больш канкурэнтаздольнымі пры дапамозе лічбавых тэхналогій. ЦЛІ – гэта рэгіянальныя кааперацыі, у якія ўваходзяць навукова-тэхнічныя ўстановы, універсітэты, галіновыя асацыяцыі, гандлёвыя палаты, інкубатары, акселератары, рэгіянальныя агенцтвы па развіцці і ўрады. Такім чынам, ЦЛІ заснаваны на тэхналагічнай інфраструктуры і забяспечваюць доступ да самых свежых ведаў, вопыту і тэхналогій для дапамогі сваім кліентам з запускам пілотных праектаў, тэсціраваннем і эксперыментамі ў галіне лічбавых інавацый. ЦЛІ таксама забяспечваюць бізнес- і фінансавую падтрымку для ўкаранення гэтых інавацый.  

Еўрапейскі парламент склаў бюджэт на ажыццяўленне праграмы «Лічбавая Еўропа» на перыяд з 2021 па 2027 год і ўвёў спецыяльнае вызначэнне для Еўрапейскіх цэнтраў лічбавых інавацый, каб размеркаванне фінансавых сродкаў было празрыстым.

Еўрапейскі цэнтр лічбавых інавацый – гэтаюрыдычная асоба, абраная для забеспячэння доступу да тэхналагічнай і эксперыментальнай базы, спрыяння лічбавай трансфармацыі прамысловасці, а таксама спрашчэння доступу да фінансавання. Еўрапейскія цэнтры лічбавых інавацый адкрыты для прадпрыемстваў усіх форм і памераў, у прыватнасці для МСП, скейлапаў і органаў дзяржаўнага кіравання ў межах ЕС. Дакладней Еўрапейскія цэнтры лічбавых інавацый:

  • служаць пунктамі доступу да найноўшых лічбавых тэхналогій, у тым ліку да высокапрадукцыйных вылічальных сістэм (ВВС), штучнага інтэлекту, кібербяспекі, а таксама іншых існуючых інавацыйных тэхналогій;
  • аказваюць падтрымку ў галіне перадавых лічбавых навыкаў (напрыклад, праз правядзенне трэнінгаў для працаўнікоў і стажыровак для студэнтаў);
  • спрыяюць распаўсюджванню сваёй дзейнасці па ўсёй Еўропе і павінны паўплываць на тое, каб нават самыя аддаленыя рэгіёны прымалі ўдзел у Адзіным лічбавым рынку.

Каталог ЦЛІ – гэта поўная база дадзеных цэнтраў лічбавых інавацый ЕС, якая дазваляе правядзенне пошуку па краінах, стадыях развіцця, тэхнічных кампетэнцыях, паслугах, якія яны ажыццяўляюць, узроўні тэхнічнай падрыхтаванасці і сегментах рынку (галінах эканомікі).

ЕС прызнае неабходнасць удасканалення ведаў і набыцця вопыту для падтрымкі пераходу да лічбавай эканомікі. Вядучая еўрапейская адукацыйная ўстанова ў галіне лічбавых інавацый і прадпрымальніцтва, якая рухае наперад лічбавую трансфармацыю ў Еўропе, гэта  Еўрапейскі інстытут інавацый і тэхналогій, часткай якога з’яўляецца EIT Digital. EIT Digital выводзіць на рынак рэвалюцыйныя лічбавыя інавацыі і гадуе прадпрымальніцкія таленты для забеспячэння эканамічнага росту. Ён робіць гэта пры дапамозе мабілізацыі пан’еўрапейскай экасістэмы, у якую ўваходзяць амаль 200 лепшых еўрапейскіх карпарацый, МСП, стартапаў, універсітэтаў і навукова-даследчых устаноў. EIT Digital уносіць свой уклад у развіццё сеткі ЦЛІ праз праект ЦЛІ для апрацоўчай прамысловасці (MIDIH). Перадача вопыту і ведаў будзе ажыццяўляцца дзякуючы нанясенню на карту кампаній, якія паспяхова правялі лічбавізацыю вытворчых працэсаў і паслуг (напрыклад, Карта прамысловасці 4.0 у Германіі).

Лічбавыя прамысловыя платформы для спрашчэння лічбавай трансфармацыі  

Лічбавыя прамысловыя платформы звязваюць тэхналагічныя структурныя элементы з прамысловымі прыкладаннямі. Такія платформы дапамагаюць каардынаваць дзейнасць і не толькі скарачаць выдаткі, звязаныя з дзейнасцю прадпрыемства, але і ўводзіць новыя (лічбавыя) паслугі і бізнес-мадэлі. Акрамя таго, звычайна яны спецыялізуюцца на адной пэўнай галіне і валодаюць экспертнымі ведамі высокага ўзроўню. 

ЕК прызнае, што маштабныя пілотныя праекты і эксперыментальная праца неабходны для паступовага сталення і развіцця такіх платформаў, і запланавала выдзяленне ЕС інвестыцый у памеры 1 мільярда еўра у 2018-20 гг. для намаганняў па распрацоўцы платформаў, ажыццяўленні маштабных пілотных праектаў, пілотных ліній і іншых мерапрыемстваў (маштабных аб’яднаных праектаў).

Прыклады:  Прыватна-дзяржаўнае партнёрства па вялікіх дадзеных; Кібербяспека; Фатоніка; Высокапрадукцыйныя вылічальныя сістэмы; Робататэхніка; Будучыня інтэрнэту (5G); Электронныя кампаненты і сістэмы для еўрапейскага лідарства (ECSEL) (электронныя кампаненты і ўбудаванае праграмнае забеспячэнне); Фабрыкі будучыні. Лічбавыя прамысловыя платформы Германіі – BDI

Наступныя крокі

Поўны даклад аб перадавым вопыце ЕС у адпаведнай галіне быў выкарыстаны для распрацоўкі базы для параўнальнага аналізу паміж ЕС і Беларуссю. На аснове гэтага параўнальнага аналізу быў складзены набор рэкамендацый для стварэння дзяржаўных інструментаў палітыкі. Гэтыя рэкамендацыі паслужаць асновай для дзяржаўнага плана дзеянняў па ўкараненні палітыкі ў сферы Лічбавізацыі прамысловасці (лічбавай трансфармацыі МСП у традыцыйных галінах гаспадаркі) для Беларусі. План дзеянняў можа быць выкарыстаны ў якасці базы для наступных мерапрыемстваў і магчымых незалежных сумесных праектаў з удзелам дзяржаўных зацікаўленых бакоў. Далейшыя мерапрыемствы фонду EU4Digital (трэнінгі, вучэбныя візіты, мерапрыемствы па ўсталяванню кантактаў, рэкламныя кампаніі і г.д.) дапамогуць падтрымаць зацікаўленыя бакі ў іх далейшай дзейнасці па пераадоленні разрываў.

Перайманне перадавога вопыту ЕС такім чынам дапаможа паскорыць развіццё сталай экасістэмы інавацый і стартапаў у галіне ІКТ з наладжанай падтрымкай ад адпаведных арганізацый у краінах Усходняга партнёрства.

Нарэшце агульная прававая база дазволіць Беларусі карыстацца перавагамі Адзінага лічбавага рынку ЕС, развіваць новыя інавацыйныя ідэі і абменьвацца імі з партнёрскімі арганізацыямі з краін-членаў ЕС.

Гісторыі поспеху

Паглядзець усё