1. Што такое электронны гандаль? Гэта нешта, звязанае з пакупкамі ў Інтэрнэце… ?
Электронны гандаль – гэта трансгранічны беспапяровы гандаль. Гэта ўсёабдымная тэма, якая датычыцца цыклу імпарту і экспарту тавараў і паслуг паміж краінамі і займаецца пытаннямі:
- Набыцця тавараў і паслуг анлайн з любой кропкі свету;
- Перамяшчэння тавараў і паслуг праз граніцы з выкарыстаннем беспапяровага дакуемнтаабароту паміж прадпрыемствам і ўрадам і дастаўкі гэтых тавараў ці аказання паслуг кліенту.
У рамках ЕС існуе адзіны рынак, які дазваляе свабодны абмен таварамі, паслугамі і адпаведнай інфармацыяй пры дапамозе стандартызаванай тэхналогіі і норм паміж краінамі-членамі. Аднак працэдуры беспапяровага гандлю недастаткова гарманізаваны як сярод краін Усходняга партнёрства, так і паміж імі і ЕС. Напрыклад, электронныя рахункі-фактуры і дагаворы не заўсёды прызнаюцца ў аднолькавай ступені ў кожнай краіне.
Праз ініцыятывы EU4Digital Еўрапейскі саюз падтрымлівае развіццё гарманізацыі гандлю паміж ЕС і краінамі Усходняга партнёрства – Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай. Ён таксама падтрымлівае развіццё гарманізацыі паміж самімі краінамі Усходняга партнёрства.
2. Так што EU4Digital робіць для пашырэння электроннага гандлю ў рэгіёне Усходняга партнёрства?
У рамках праграмы EU4Digital некалькі напрамкаў дзейнасці і пілотных праектаў прысвечаны трансгранічнаму супрацоўніцтву. У цэнтры ўвагі – гарманізацыя наступных кампанентаў электроннага гандлю:
- Трансгранічны электронны гандаль: беспапяровы дакументаабарот паміж гандлёвымі партнёрамі (напрыклад, прадпрыемствамі і ўрадам) з розных краін.
- Электронная мытня: сістэматычны і аўтаматычны абмен мытнай інфармацыяй (напрыклад, абмен інфармацыяй перад уездам, ацэнка рызыкі, адпаведнасць дадзеных, вынікі мытнага кантролю) паміж лагістычнымі прадпрыемствамі і мытнымі органамі.
- Лічбавы транспартны калідор: паслугі апрацоўкі дадзеных у фізічных транспартных калідорах для ўсёабдымнага абмену інфармацыяй на кожным этапе перавозкі тавараў паветраным, сухапутным, чыгуначным і марскім транспартам.
- Электронная камерцыя: продаж тавараў пры дапамозе электронных аперацый, якія ажыццяўляюцца ў камп’ютарных сетках.
- Усталяванне кантактаў: прыцягненне зацікаўленых бакоў з краін Усходняга партнёрства для ўсталявання кантактаў і абмену інфармацыяй наконт тэндэнцый, дзейнасці і стану спраў у электронным гандлі з партнёрамі з ЕС.
3. Што такое пілотны праект трансгранічнага гандлю? Якія краіны прымаюць у ім удзел і чым дакладна ён займаецца? Ці можам мы чакаць, што карысць ад яго будзе памнажацца ва ўсіх краінах у бліжэйшай будучыні?
Мэтай пілотных мерапрыемстваў з’яўляецца тэставанне трансгранічнага абмену данымі паміж некалькімі дзяржаўнымі і прыватнымі арганізацыямі з выкарыстаннем рашэння eDelivery – канала дзеля надзейнага абмену электроннымі данымі і дакументамі. Задача пілотнага праекта – вызначыць, ці здольны такі абмен данымі поўнасцю функцыянаваць з наступных пунктаў гледжання:
- Тэхнічнага. Праверыць, ці магчыма дасягнуць сумяшчальнасці і ці існуюць тэхнічныя перашкоды, якія не дазваляюць выкарыстоўваць рашэнне на трансгранічным узроўні.
- Прававога. Правесці першапачатковую праверку прававога асяроддзя, каб вызначыць, якія змяненні неабходна ўнесці ў дзяржаўнае заканадаўства, каб рашэннем можна было карыстацца ў поўнай меры і на законнай падставе.
- Арганізацыйнага. Вызначыць упаўнаважаныя ўстановы і неабходныя арганізацыйныя/інстытуцыянальныя змяненні, каб рашэнне магло паўнавартасна функцыянаваць на дзяржаўным і міжнародным узроўні.
Пасля завяршэння пілотнага праекта EU4Digital падрыхтаваў рэкамендацыі аб неабходных змяненнях у вышэйзгаданых абласцях, каб поўнасцю ўкараніць рашэнне і каб яно магло паўнавартасна функцыянаваць і мела юрыдычную сілу.
Было праведзена два пілотных праекты: адзін паміж Усходняй краінай-партнёрам і краінай ЕС – Украінай і Польшчай, а другі паміж дзвюма Усходнімі краінамі-партнёрамі – Арменіяй і Украінай. Даведайцеся, як рашэнне eDelivery тэставалася ва Украіне: Прабіраючыся скрозь папяровы паток: ЕС адкрывае лічбавы шлях да гандлю ва Украіне
Таксама для прадстаўнікоў краін-партнёраў былі арганізаваныя выезды на аб’екты, падчас якіх яны назіралі за працай пілотных рашэнняў, што дазволіла ім прыняць абгрунтаваныя рашэнні адносна выкарыстання пэўных тэхналогій у сваіх краінах.
4. Што такое электронная мытня і якая ад яе карысць?
Пад электроннай мытняй разумеецца сістэматычны і аўтаматычны абмен мытнай інфармацыяй (напрыклад, аб парожніх грузавых аўтамабілях, ацэнцы рызык, адпаведнасці даных, выніках мытнага кантролю) паміж эканамічнымі аператарамі і мытнымі органамі.
Калі эканамічныя аператары перавозяць тавары праз межы і ўзаемадзейнічаюць з мытнымі службамі, яны сутыкаюцца з затрымкамі з-за недастатковай аўтаматызацыі і адсутнасці своечасовай сувязі паміж мытнымі службамі. У выніку гэтага канчатковыя пакупнікі таксама сутыкаюцца з затрымкамі даставак сваіх пакупак. Так адбываецца таму, што:
- Мытная інфармацыя не паступае своечасова, што не дазваляе мытні і прадпрыемствам эфектыўна кіраваць рызыкамі бяспекі;
- Не наладжана аўтаматычнае супастаўленне даных (напрыклад, каб параўнаць, ці з’яўляецца інфармацыя ў дэкларацыі ў краіне адпраўлення такой жа самай, як у краіне прыбыцця);
- Адсутнічае абмен інфармацыяй перад увозам (напрыклад, калі груз прыбывае на пагранічны пункт, перавозчык павінен чакаць завяршэння ацэнкі рызыкі, перш чым перасячы мяжу).
Дзейнасць у сферы электроннай мытні дапамагае вырашыць гэтыя праблемы праз забеспячэнне прадпрыемстваў і органаў улады неабходнымі мадэлямі супрацоўніцтва (напрыклад, як весці супрацоўніцтва, будаваць сістэмы сувязі), якія дазваляюць эфектыўна абменьвацца інфармацыяй. Яна аптымізуе ўзаемадзеянне з мытнымі службамі, зніжаючы гандлёвыя выдаткі прадпрыемстваў і паскараючы дастаўку тавараў і аказанне паслуг.
Праект EU4Digital прааналізаваў наяўныя рашэнні і іх прыдатнасць для рэгіёна і спыніў свой выбар на рашэнні SEED (рашэнні для сістэматычнага абмену электроннымі данымі) для пілотнага праекта электроннай мытні. Рашэнне SEED было ўведзенае мытнымі органамі заходне-балканскіх краін пры фінансавай падтрымцы ЕС. Яно мае наступныя перавагі:
- Даказаная бяспечнасць,
- Стандарты даных,
- Простая адаптацыя да нацыянальных сістэм,
- Гнуткасць адносна функцыянальнасці і патрабаванняў да абмену наборамі даных.
У заходне-балканскіх краінах SEED дазволіла вырашыць наступныя праблемы:
- Заніжэнне кошту праз падмену рахункаў-фактур і змяншэнне мытнага кошту пры ўвозе;
- Падробка дакументаў, што пацвярджаюць выезд гружаных цяжкагрузаў (парушэнні, звязаныя з вяртаннем ПДВ);
- Парушэнні, звязаныя з (няправільным) выкарыстаннем транспартных дакументаў (напрыклад, карнетаў ATA);
- Выяўленне сур’ёзных мытных правапарушэнняў, такіх як кантрабанда тытуню і наркотыкаў.
Задача пілотнага праекта – забяспечыць абмен электроннымі мытнымі данымі паміж мытнымі органамі Усходніх краін-партнёраў і дзяржаў-членаў ЕС. На першым этапе праводзіцца тэставанне пачатковых (абмежаваных) функцый і набораў даных.
Пілотны праект у сферы электроннай матні паспяхова прайшоў паміж мытнымі органамі Беларусі і Літвы. Даведайцеся больш: Запуск пілотнага праекта па абмене наборамі даных аб экспарце паміж Беларуссю і Літвой.
Пілотныя праекты дапамагаюць палепшыць працэс абмену мытнымі данымі паміж мытнымі службамі і вызначыць магчымасці для далейшага ўдасканалення мытных фармальнасцей, ацэнкі рызыкі і супрацоўніцтва паміж мытнымі органамі. Вынікам гэтай працы з’яўляюцца рэкамендацыі для поўнага укаранення рашэння, каб яно магло выкарыстоўвацца ва ўсім рэгіёне.
5. «Лічбавы транспартны калідор ад Балтыйскага да Чорнага мора» гучыць амбіцыёзна, аднак што дакладна гэта значыць і як гэта дапаможа гандлю?
Лічбавы транспартны калідор (ЛТК) – гэта набор паслуг, звязаных з апрацоўкай даных, у фізічных міждзяржаўных транспартных калідорах для комплекснага абмену інфармацыяй на ўсіх этапах перавозкі паветраным, аўтамабільным, чыгуначным і марскім транспартам. Ён уключае такія паслугі і дадаткі для ўдзельнікаў ланцуга паставак, як прадастаўленне інфармацыі органам улады, павышэнне бачнасці, гандлёвыя пляцоўкі, браніраванне і замова, а таксама паслугі пабудовы ланцуга паставак.
Калі лагістычныя кампаніі перамяшчаюць тавары і паслугі праз межы, яны ўзаемадзейнічаюць з рознымі лагістычнымі сістэмамі ва Усходніх краінах-партнёрах і ў ЕС. Гэта стварае тэхнічныя перашкоды, якія ўскладняюць імгненны абмен лагістычнай інфармацыяй паміж краінамі. Больш таго, прававая база, што рэгулюе лагістычныя працэсы, і распрацоўваемыя інфармацыйныя сістэмы ў гэтых краінах адрозніваюцца, што робіць лагістычныя працэдуры яшчэ больш доўгімі і складанымі. Гэта вядзе да павелічэння кошту лагістычных аперацый і затрымак з дастаўкай тавараў ці з аказаннем паслуг.
Лічбавы транспартны калідор паміж Балтыйскім і Чорным морам павінен дапамагчы арганізаваць лагістычныя працэсы і паток электронных транспартных даных такім чынам, каб удзельнікі лагістычнага ланцуга (трэйдары, экспедытары, мытні, іншыя дзяржаўныя органы і спажыўцы) маглі імгненна абменьвацца інфармацыяй, што дазволіць аптымізаваць паток тавараў і паслуг і зэканоміць час і грошы.
Для спрашчэння і ўпарадкавання абмену лагістычнай інфармацыяй ЕС прыняў Рэгламент аб электроннай інфармацыі аб грузавых перавозках (eFTI) і распрацоўвае дадатковыя законы/спецыфікацыі, якімі павінны кіравацца дзяржавы-члены ЕС, пераходзячы да дэцэнтралізаванай аб’яднанай сеткі платформаў, што спрыяе прызнанню дзяржаўнымі органамі законнасці электронных даных.
EU4Digital саставіў праграму падрыхтоўчых мерапрыемстваў, ужыўшы распрацоўкі ЕС ва Усходніх краінах-партнёрах, каб пратэсціраваць тэхналагічны падыход да абмену інфармацыяй, прававое рэгуляванне і арганізацыйныя меры ва Усходніх краінах-партнёрах і паміж імі. У сувязі з гэтым спецыялісты распрацавалі трохгадовую праграму і вызначылі неабходныя падрыхтоўчыя дзеянні для стварэння ЛТК паміж Балтыйскім і Чорным морам. Мэтай дадзенай праграмы з’яўляецца наладжванне бесперашкоднага комплекснага абмену лагістычнай інфармацыяй у транспартным калідоры паміж Балтыйскім і Чорным морам ці ў іншых частках рэгіёна.
6. Што перашкаджае развіццю электроннай камерцыі, і што робіць EU4Digital, каб дапамагчы пераадолець гэтыя перашкоды?
Электронная камерцыя, ці eCommerce, датычыцца продажу тавараў пры дапамозе электронных аперацый, якія ажыццяўляюцца ў камп’ютарных сетках. Калі ў межах ЕС існуе адзіны рынак, які дазваляе свабодны абмен таварамі і паслугамі паміж дзяржавамі-членамі, паміж ЕС і Усходнімі краінамі-партнёрамі абмен таварамі і паслугамі ўскладняецца з-за розніцы ў заканадаўстве, стандартах і экасістэме электроннай камерцыі.
Напрыклад, прадпрыемствы ЕС, якія гандлююць з іншымі краінамі свету, хочуць верыць, што тавары адпавядаюць агульным патрабаванням бяспекі, аднак яны сутыкаюцца з тым, што стандарты і заканадаўствы ў ЕС і ва Усходніх краінах-партнёрах не гарманізаваны.
Акрамя таго, у 2021 годзе ЕС прадставіў новы Пакет правілаў выплаты ПДВ у сферы электроннай камерцыі. Гэтая шырокамаштабная рэформа ўплывае на працэсы ў сферы электроннай камерцыі ў Еўропе і за яе межамі, але прадпрыемствы і органы ўлады недастаткова інфармаваныя пра яе ўздзеянне. У гэтай новай рэчаіснасці Усходнія краіны-партнёры маюць патрэбу ў падтрымцы, каб рухацца наперад і прыстасоўвацца да змяненняў у сферы электроннай камерцыі.
Дзейнасць EU4Digital у галіне электроннай камерцыі накіравана на распрацоўку рэкамендацый для Усходніх краін-партнёраў па наладжванні бесперашкоднага электроннага гандлю з ЕС. Галоўная ўвага скіроўваецца на тры кампаненты:
- Заканадаўства,
- Стандарты,
- Экасістэму электроннай камерцыі.
Рэкамендацыі прадастаўляюцца, каб:
- Пазбавіцца ад перашкод для трансгранічнай электроннай камерцыі;
- Павялічыць аб’ём трансгранічных аперацый у сферы электроннай камерцыі;
- Павысіць інфармаванасць і падрыхтаваць краіны да змяненняў у галіне электроннай камерцыі ў ЕС у 2021 годзе.
Каб дасягнуць найлепшых вынікаў для ЕС і Усходніх краін-партнёраў, быў праведзены аналіз для вызначэння пэўных праблем і распрацоўкі і запуску пілотнага рашэння для іх пераадолення. У выніку EU4Digital запусціў пілотны праект у сферы электроннай камерцыі, сутнасць якога заключаецца ў стварэнні дзяржаўных віртуальных складоў у трох краінах-удзельніцах – Арменіі, Азербайджане і Грузіі. Імі змогуць карыстацца магазіны, гандлёвыя пляцоўкі, службы дастаўкі і мытныя органы. Гэтыя склады дазволяць выстаўляць тавары на продаж за мяжу і спросцяць міжнародную дастаўку.
Віртуальны склад запісвае даныя пра тавары для продажу праз інтэрнэт у фармаце, які адпавядае еўрапейскім і міжнародным патрабаванням. Загружаныя на віртуальны склад тавары могуць быць размешчаныя на некалькіх міжнародных электронных гандлёвых пляцоўках, такіх як eBay и Etsy, а даныя ў стандартным фармаце дазваляюць паштовым службам ажыццяўляць дастаўку і забяспечваюць бесперашкоднае выкананне мытных працэдур.
Даведайцеся больш пра пілотныя праекты ў галіне электроннай камерцыі:
Продаж армянскіх шкарпэтак у Германію: EU4Digital набліжае рынкі ЕС, падтрымліваючы развіццё электроннай камерцыі
У адным кліку ад еўрапейскага рынку: як ЕС садзейнічае развіццю электроннай камерцыі ў Грузіі
Клікай і гандлюй: EU4Digital дапамагае развіваць электронную камерцыю ў Азербайджане
7. Чаму важна весці дзейнасць па ўсталяванню кантактаў? Як гэта дапамагае электроннаму гандлю?
Нэтворкінг – гэта наладжванне сувязей і абмен інфармацыяй пра тэндэнцыі і дзейнасць у галіне электроннага гандлю. EU4Digital праводзіць шмат мерапрыемстваў і пілотных праектаў у галіне электроннага гандлю, якія патрабуюць супрацоўніцтва паміж краінамі. Таму абмен інфармацыяй з’яўляецца вельмі важным для павышэння інфармаванасці наконт праблем электроннага гандлю, стымуляцыі рэформаў і ўзгаднення дзеянняў паміж зацікаўленымі бакамі з розных краін.
Міжнародныя сеткавыя мерапрыемствы ўключаюць вучэбныя візіты для назірання за працай пілотных рашэнняў, іх даследавання і абмеркавання, вучэбныя візіты для азнаямлення з наяўнымі рашэннямі і перадавым вопытам па-за межамі Усходніх краін-партнёраў, а таксама мерапрыемствы для абмену кантактамі і інфармацыяй пра тэндэнцыі ў электронным гандлі. Гэтыя мерапрыемствы накіраваныя на палітыкаў, інвестараў, пастаўшчыкоў лічбавых рашэнняў, пастаўшчыкоў паслуг, навукова-даследчыя цэнтры, навуковую супольнасць, банкі, страхавыя кампаніі, органы дзяржаўнага кіравання, агенцтвы і іншыя зацікаўленыя бакі галіны электроннага гандлю. Сярод апошніх мерапрыемстваў, якія ўдалося арганізаваць дзякуючы нэтворкінгу, былі Дні лічбавага транспарту (ДЛТ), наведванне еўрапейскіх аб’ектаў, дзе выкарыстоўваюцца рашэнні SEED і eDelivery, і іншыя.
8. Як будзе выглядаць электронны гандаль у рэгіёне ў будучыні? Як дапамагае EU4Digital?
Мэтай EU4Digital з’яўляецца падтрымка гарманізацыі электроннага гандлю, а менавіта каб ён стаў беспапяровым, аўтаматычным і ўсеагульным паміж прадпрыемствамі і ўладамі розных краін (у тым, што датычыцца працэсу гандлю, камунікацыі, заканадаўства і норм). Каб ажыццявіць гэты сцэнарый, EU4Digital спрашчае аналіз і вызначэнне праблем, звязвае партнёраў, тэсціруе рашэнні і дае рэкамендацыі.
Мы можам спадзявацца на наступны найлепшы сцэнарый для будучыні гандлю:
Прадпрыемства ў Стакгольме, Швецыя толькі што пагадзілася на правядзенне гандлёвай аперацыі з прадпрыемствам у Адэсе, Украіна. Прадстаўнікі двух прадпрыемстваў упершыню сустрэліся на мерапрыемстве па электроннаму гандлю, арганізаваным EU4Digital. Тавары былі выбраны праз анлайн-платформу электроннай камерцыі, а абмен дакументамі і іх падпісанне ажыццяўлялася праз камп’ютарныя сеткі. Падпісанне дагавораў і аплата рахункаў-фактур ажыццявіліся без выкарыстання паперы. Праца з дакументамі была хуткай і простай, таму што заканадаўчыя і тэхнічныя нормы былі ўзгоднены. Гэта значыць, што не было дадатковых дакументаў, аб якіх прадпрыемствы не ведалі ці да працы з якімі яны не былі звыклыя.
Прадпрыемствы пагадніліся пагрузіць набытыя тавары ў Швецыі (краіне адпраўлення), перавезці іх марскім транспартам па Балтыйскаму мору, па прыбыццю ў порт Клайпеды, Літва (транзітная краіна) пагрузіць іх на грузавік, які даставіць набытыя тавары ў Адэсу, Украіна (краіна назначэння).
Пры пагрузцы тавараў у Швецыі прадпрыемства адправіла мытныя дакументы ў электронным фармаце. Гэта было зроблена да таго, як тавары прыбылі на граніцу. Мытны орган змог праверыць дакументы загадзя і ажыццявіць ацэнку рызыкі. Мытным органам у Швецыі, іншых транзітных краінах і ў краіне назначэння было лёгка супрацоўнічаць, таму што сістэмы апрацоўкі дадзеных (напрыклад, неабходныя дакументы, фарматы) і камунікацыі былі ўзгоднены. Гэта дазваляе зрабіць мытныя аперацыі хуткімі і надзейнымі. У працэсе ажыццяўлення транспартнай аперацыі не можа адбыцца нічога незаконнага без ведама мытнай службы.
Тавары былі адпраўлены са Швецыі марскім транспартам. Аднак пераход на сухапутны транспарт адбыўся хутка і лёгка па прыбыццю ў літоўскі порт. Прычынай таму служыць Лічбавы транспартны калідор ад Балтыйскага да Чорнага мора. Для гандлёвых партнёраў гэта значыла, што абмен дакументамі адбыўся імгненна, таму і працэсы праверкі і супастаўлення інфармацыі таксама прайшлі хутка.
Калі грузавік прыбыў на граніцу, ён без затрымак змог працягнуць свой шлях. Так як мытныя пытанні былі ўрэгуляваны ў самым пачатку, мытныя органы толькі праверылі, каб тавары былі запячатаныя. Грузавік паехаў далей.
Нарэшце грузавік прыбыў у Адэсу, Украіна. Тавары былі распячатаны і правераны. Пацвярджэнне паспяховай электроннай дастаўкі было зроблена ў электронным фармаце, каб шведскае прадпрыемства магло лёгка адсачыць дастаўку.
Дзве кампаніі спадзяюцца на далейшае супрацоўніцтва.