1. Што дакладна азначае «Давер і бяспека» у лічбавай сферы? Гэта датычыцца кібербяспекі?
Давер – гэта галоўная ідэя, якая дазваляе нашаму грамадству функцыянаваць. Гэтая ідэя можа выкарыстоўвацца ў лічбавай сферы і дапамагчы фарміраванню даверу паміж людзьмі. У дадзеным кантэксце кібербяспека мае вялікае значэнне, аднак мець інструменты і тэхналогіі, якія дазваляюць сфарміраваць давер, гэтак жа важна, як і мець магчымасць карыстацца гэтымі інструментамі бяспечным спосабам.
Паслугі фарміравання лічбавага даверу і лічбавага пасведчання асобы дапамагаюць сучасным грамадствам і прадпрыемствам паскорыць сацыяльнае і дзелавое ўзаемадзеянне і сфарміраваць давер праз краіны і кантыненты, дапамагаючы людзям і кампаніям эфектыўна працаваць з меншымі выдаткамі і быць па-сапраўднаму лічбавымі.
Паслугі лічбавага подпісу і электроннага пасведчання асобы з’яўляюцца двума важнейшымі прадуктамі, якія паскараюць лічбавыя ўзаемадзеянні паміж удзельнікамі, напрыклад, у сферы дзяржаўных паслуг, пры выплаце падаткаў ці падпісанні кантрактаў.
У рамках праекта EU4Digital лічбавы давер і кібербяспека граюць важную дапаможную ролю і дазваляюць усім астатнім аспектам лічбавай эканомікі і лічбавага грамадства заставацца эфектыўнымі бяспечным спосабам.
2. Наколькі развітыя давер і бяспека ў краінах Усходняга партнёрства? Ці адстае рэгіён ад больш развітых лічбавых эканомік у гэтай галіне, і што гэта падразумявае?
Краіны Усходняга партнёрства маюць добра развітую тэхналагічную базу ў тым, што датычыцца паслуг фарміравання даверу, аднак галоўнае іх адрозненне ад краін-членаў ЕС – гэта тое, што кожная краіна Усходняга партнёрства мае сваю нарматыўную базу, якая адрозніваецца ад іншых. Забеспячэнне трансгранічнага ўзаемнага прызнання паслуг фарміравання даверу паміж краінамі Усходняга партнёрства і краінамі-членамі ЕС патрабуе намаганняў па гарманізацыі нарматыўнай і арганізацыйнай базы для дасягнення патрэбнага ўзроўню сумяшчальнасці ў тым, што датычыцца падрыхтаванасці для ўзаемнага прызнання паміж краінамі Усходняга партнёрства.
3. Так што робіць EU4Digital, каб дапамагчы ліквідаваць разрыў у даверы і бяспецы?
Галоўныя задачы праекта EU4Digital у галіне даверу і бяспекі – гэта выяўленне патэнцыяльных праблем у справе трансгранічнага ўзаемнага прызнання паслуг фарміравання даверу і прапанаванне мэтазгоднага плану дзеянняў і дапамогі ў вырашэнні гэтых праблем.
4. Паміж якімі краінамі будзе запушчаны пілотны праект электронных подпісаў? Што на самой справе гэта будзе закранаць?
Пілотныя праекты EU4Digital у галіне паслуг фарміравання лічбавага даверу імкнуцца давесці, што ў сучасным грамадстве 21-га стагоддзя існуюць працэсы, інструменты і тэхналогіі, якія даюць магчымасць адной краіне прызнаць паслугі фарміравання лічбавага даверу другой краіны, што робіць магчымым існаванне і развіццё лічбавых эканамічных адносін паміж імі.
Два пілотныя праекты будуць ажыццёўлены для таго, каб паказаць, што выдача і пацвярджэнне сумяшчальных лічбавых подпісаў магчымы. У адным з іх удзел будуць прымаць дзве краіны Усходняга партнёрства – Украіна і Малдова, у другім – краіна Усходняга партнёрства і краіна ЕС – Украіна і Эстонія. Пілотны праект электроннага подпісу дапаможа вызначыць існуючыя разрывы і перашкоды з нарматыўнага, арганізацыйнага і тэхнічнага пунктаў гледжання, дазваляючы нам акрэсліць план дзейнасці для пасляпілотных мерапрыемстваў, неабходны для дасягнення патрэбнага ўзроўню трансгранічнага ўзаемнага прызнання. Ажыццяўленне пілотных праектаў запланавана на красавік-верасень 2020 года.
5. Калі пілотны праект пакажа станоўчыя вынікі, ці будзе ён пашыраны на ўвесь рэгіён? Нарэшце ці можам мы спадзявацца, што ён будзе распаўсюджаны на ўсю тэрыторыю ЕC?
Забеспячэнне трансгранічнага прызнання паміж краінамі-членамі ЕС і краінамі Усходняга партнёрства з’яўляецца канчатковай мэтай каманды па Даверу і бяспецы. Гэта вельмі амбіцыйная мэта, аднак яе можна дасягнуць. Перш за ўсё неабходна вызначыць і абмяняцца ўрокамі, вывучанымі падчас пілотных праектаў з усімі краінамі-партнёрамі і акрэсліць агульныя інструкцыі для таго, каб рэгіён быў юрыдычна, арганізацыйна і тэхнічна падрыхтаваны, і каб гэта стала агульным кірункам, прыстасаваным да дзяржаўных праграм ўсіх краін Усходняга партнёрства і ўлучаным у іх.
6. З якімі галоўнымі праблемамі кібербяспекі сутыкаецца рэгіён? Як EU4Digital дапамагае развіваць устойлівасць у краінах-партнёрах?
Аналіз існуючага дзяржаўнага рэгулявання, палітыкі і мер бяспекі ў краінах Усходняга партнёрства дазволіў выявіць наступныя галоўныя праблемы кібербяспекі ў рэгіёне:
- Недахоп кваліфікаваных кадраў і рэсурсаў у галіне кібертэхналогій;
- Недастатковае мэтавае і сістэматычнае фінансаванне;
- Адсутнасць ці застарэласць нацыянальных кіберстратэгій, неадпаведнасць іх Дырэктыве ЕС па павышэнню бяспекі сетак і інфармацыйных сістэм (Дырэктыва NIS);
- Застарэлае дзяржаўнае заканадаўства, якое не адпавядае заканадаўству і нормам ЕС у галіне кібербяспекі;
- Адсутнасць рэгулярнай ацэнкі кібер-рызыкі на дзяржаўным узроўні;
- Адсутнасць плану дзеянняў у непрадбачаных акалічнасцях на дзяржаўным узроўні;
- Адсутнічаюць ці няпоўныя спісы Крытычнай інфармацыйнай інфраструктуры (КІІ) на нацыянальным узроўні.
Дзякуючы праекту EU4Digital, быў вызначаны і падрыхтаваны ў форме інструкцый набор станоўчых практык і рэкамендацый у галіне кібербяспекі для дзяржаўных улад. Гэтыя інструкцыі прапануюць рэкамендацыі наконт таго, як працягваць развіваць кібербяспеку і як эфектыўна развіваць, укараняць, ацэньваць і падтрымліваць меры па кібербяспецы. Гэта будзе спрыяць умацаванню і ўстойлівасці кіберпрасторы сярод краін Усходняга партнёрства і зменшыць рызыку парушэнняў ці збояў у сеткавых інфармацыйных сістэмах.
Акрамя таго, падрабязны агляд кібербяспекі ў кожнай з краін Усходняга партнёрства – стану спраў, галоўных праблем і наступных дзеянняў, якія змяшчаюцца ў дакладзе па кожнай краіне, – будзе служыць укладам у праграму EU4Digital: Узмацненне кіберустойлівасці ў краінах Усходняга партнёрства.