У Беларусі з мэтай прадстаўлення інтарэсаў прадпрымальнікаў электроннай камерцыі, распрацоўкі прапаноў па паляпшэнні ўмоў для анлайн-продажаў, абмену вопытам з аналагічнымі бізнес-супольнасцямі іншых краін створана Асацыяцыя прадпрыемстваў анлайн-гандлю (АПАГ).
Беларускі бізнес, які займаецца электроннай камерцыяй, знаходзіцца ў нявыгадным становішчы ў параўнанні з суседняй Расіяй, напрыклад, дзе ў інтэрнэт-крамах дазволена прадаваць ювелірныя вырабы з каштоўных металаў, лекі, а паводле новага законапраекта, неўзабаве дазволена будзе прадаваць праз інтэрнэт і алкагольную прадукцыю.
Асацыяцыя электроннага гандлю плануе прыняць меры па прывядзенні ўмоў электроннага гандлю ў Беларусі ў адпаведнасць з умовамі ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза, у тым ліку шляхам заключэння мемарандумаў аб супрацоўніцтве з аналагічнымі аб’яднаннямі.
У бліжэйшых планах Асацыяцыі – пашырэнне спісу тавараў, дазволеных да продажу ў інтэрнэце, абарона нацыянальных інтэрнэт-крам ад нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку інтэрнэт-крам, зарэгістраваных у іншых юрысдыкцыях, выяўленне і інфармаванне адпаведных дзяржаўных органаў аб нелегальна дзеючых інтэрнэт-прадаўцах.
У Асацыяцыі лічаць, што рэалізацыя планаў дазволіць стварыць дадатковыя працоўныя месцы ў Беларусі, павялічыць вытворчасць і рэалізацыю айчынных тавараў і, як следства, ВУП краіны.