З 1 лістапада Беларуская ўніверсальная таварная біржа (БУТБ) пачала выдачу бясплатных электронных лічбавых подпісаў (ЭЛП) для ўдзелу ў біржавых таргах. Як беларускія, так і замежныя кампаніі цяпер маюць магчымасць бясплатна атрымаць ЭЛП. Такі крок мае зрабіць гандлёвыя пляцоўкі БУТБ больш прывабнымі для гаспадарчых суб’ектаў, як айчынных, так і з-за мяжы, і знізіць парог уваходу на таварны рынак Беларусі.
Акрамя таго, значна спрасцілася сама працэдура рэгістрацыі. Калі раней дзяржаўныя кампаніі, якія ўжо мелі ЭЛП, выдадзены Нацыянальным цэнтрам электронных паслуг, павінны былі атрымаць атрыбутны сертыфікат БУТБ для ўдзелу ў біржавых таргах, то зараз для ўваходу ў сістэму таргоў БУТБ яны могуць выкарыстоўваць наяўныя ЭЛП.
Замежныя кампаніі таксама будуць сутыкацца з меншай колькасцю бар’ераў. Да канца года яны будуць вызваленыя ад неабходнасці перакладу рэгістрацыйных дакументаў на рускую або беларускую мовы. Стандартызаваныя формы гэтых дакументаў, перакладзеныя на найбольш шырока ўжываныя мовы, неўзабаве будуць даступныя на вэб-старонцы БУТБ. Гэта азначае, што замежнай кампаніі будзе дастаткова толькі запоўніць іх і даслаць.
Чакаецца, што спрашчэнне працэдуры рэгістрацыі ў спалучэнні з адменай рэгістрацыйных збораў дапаможа прыцягнуць больш прадпрыемстваў у біржавыя таргі і будзе спрыяць актыўнаму развіццю гэтага рынку.
У рамках ініцыятывы EU4Digital Еўрапейскі саюз падтрымлівае развіццё паслуг па забеспячэнні надзейнасці ў лічбавай эканоміцы і кібербяспекі для павышэння ўстойлівасці крытычна важнай інфраструктуры, што з’яўляецца падмуркам для магчымасці рэалізацыі трансмежных электронных паслуг у рэгіёне Усходняга партнёрства.Прэс-рэліз