26-28 лютага ў Тбілісі ЕС і Офіс Савета Еўропы па барацьбе супраць кіберзлачыннасці (C-PROC) арганізавалі міжнародную сустрэчу правайдараў з усяго свету, каб абмеркаваць праблемы і будучае супрацоўніцтва ў барацьбе супраць кіберзлачыннасці.
Супрацоўніцтва паміж органамі крымінальнага правасуддзя і прыватным сектарам, уключаючы правайдараў, — істотны фактар абароны грамадства ад злачыннасці. Такое супрацоўніцтва тычыцца перш за ўсё доступу паліцыі і пракуратуры да дадзеных, якія захоўваюцца правайдарамі і могуць быць выкарыстаныя для мэт крымінальнага правасуддзя, а таксама абмену інфармацыяй і вопытам, навучання.
Еўрапейская камісія і C-PROC прынялі 80 удзельнікаў з 30 краін свету, у тым ліку з Лацінскай Амерыкі (Чылі, Дамініканская Рэспубліка, Коста-Рыка, Парагвай), Паўднёва-Усходняй Азіі (Шры-Ланка), Заходняй Афрыкі (Гана, Нігерыя, Каба-Вэрдэ, Буркіна-Фасо), рэгіёну Паўднёвага суседства (Ліван, Марока, Іарданія), рэгіёну Усходняга партнёрства (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна), рэгіёну IPA — Інструменту дапамогі на шляху далучэння да ЕС (Албанія, Боснія і Герцагавіна, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Сербія, Турцыя), а таксама з Бельгіі, Нідэрландаў, Германіі, Аўстрыі, Румыніі. На мерапрыемстве прысутнічала шматлікая грузінская дэлегацыя (больш за 25 чалавек), супрацоўнікі Прадстаўніцтва ЕС у Грузіі, Еўраюста, Офіса Савета Еўропы ў Грузіі, эксперты Савета Еўропы, прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі ЗША, а таксама Facebook і EuroISPA.
Сустрэча арганізоўвалася сумеснымі намаганнямі некалькіх праектаў C-PROC, у тым ліку праекта CyberEast у рамках ініцыятывы EU4Digital .
Ва ўступным слове кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Грузіі пасол Карл Харцэл сказаў: «Барацьба супраць кіберзлачыннасці мае асноватворнае значэнне для эфектыўнага крымінальнага правасуддзя. Барацьба супраць карупцыі, арганізаванай злачыннасці, эканамічных злачынстваў і нават злачынстваў супраць асоб у нашы дні патрабуе эфектыўнай сістэмы барацьбы супраць кіберзлачыннасці — напрыклад, у дачыненні да доступу да электронных доказаў або даходаў ад злачыннай дзейнасці ў інтэрнэце. Супрацоўніцтва паміж органамі крымінальнага правасуддзя і прыватным сектарам, уключаючы правайдараў, у гэтым плане мае вельмі важнае значэнне. Вядома, моцная кібербяспека непарыўна звязаная з свабоднай і бяспечнай кіберпрасторай, якая забяспечвае правы чалавека, асноўныя свабоды і вяршэнства закона».
Віргіл Спірыдон, начальнік аддзела аперацый Офіса Савета Еўропы па барацьбе супраць кіберзлачыннасці (C-PROC, знаходзіцца ў Будапешце, Румынія) дадаў: «Супрацоўніцтва паміж праваахоўнымі органамі і міжнароднымі правайдарамі (MSPs) тычыцца не толькі расследаванняў па кіберзлачыннасці, але і іншых відаў расследаванняў, калі выкарыстоўваюцца электронныя доказы і дадзеныя ад MSPs».
Выступаючы з пазіцыі прыватнага сектара, Максіміліян Шуберт, прэзідэнт Еўрапейскай асацыяцыі інтэрнэт-правайдараў (EuroISPA), звярнуў увагу на наступнае:
«Як праваахоўныя органы, так і
інтэрнэт-правайдары хочуць зрабіць інтэрнэт бяспечным для карыстальнікаў, аднак
інтэрнэт-правайдары маюць іншае мысленне, з фокусам не на расследаванні і
пераслед, а на кліентаў. [Яны] маюць агульныя інтарэсы, але падыходы могуць адрознівацца
— у пошуку шляхоў да супрацоўніцтва гэта важна мець на ўвазе».