Мерапрыемства EU4Digital у сферы электроннай аховы здароўя засяроджвае ўвагу на выкарыстанні глыбокай аналітыкі ў медыцынскай візуалізацыі

  • Дата: 12/03/21
  • Падзяліцца:

На мінулым тыдні EU4Digital арганізаваў віртуальнае мерапрыемства, прысвечанае выкарыстанню глыбокай аналітыкі ў медыцынскай візуалізацыі. Яно стала першым у серыі запланаваных на гэты год сумесных мерапрыемстваў, якія павінны сабраць разам членаў Сеткі электроннай аховы здароўя з усіх шасці Усходніх краін-партнёраў.

Сустрэча, якая адбылася 5 сакавіка, пачалася з даклада кіраўніка напрамку электроннай аховы здароўя Праекта EU4Digital аб ужо праведзеных і запланаваных на 2021 год мерапрыемствах у сферы электроннай аховы здароўя. Каманда EU4Digital таксама прадставіла вынікі праведзенай нядаўна кампаніі ў сацыяльных сетках па тэме электроннай аховы здароўя, якая змагла ахапіць 15 мільёнаў чалавек пры дапамозе серыі артыкулаў, што распавядаюць аб распрацоўках у галіне электроннай аховы здароўя.

У наступнай частцы мерапрыемства доктар Пётр Багаценкаў, прадстаўнік малдаўскай нацыянальнай навукова-адукацыйнай сеткі (ННАС) RENAM, распавёў аб працы праекта «EU4Digital:  Усталяванне сувязей паміж навукова-адукацыйнымі супольнасцямі», засяродзіўшы ўвагу на тых кампанентах, якія можна ўдасканаліць пры дапамозе Сеткі электроннай аховы здароўя. Напрыклад, можна забяспечыць палепшанае падключэнне з вылучанай інфраструктурай для бяспечнага, надзейнага і эканамічна выгаднага супрацоўніцтва паміж медыцынскімі спецыялістамі.

Далей дзве прэзентацыі прадэманстравалі, як EaPConnect аказвае падтрымку Малдове і Беларусі.

Спадар Аляксандр Голубеў, прадстаўнік RENAM (Малдова), пагаварыў аб інфраструктурнай падтрымцы ННАС пры распрацоўцы сеткавага дадатку DICOM, які служыць для стварэння, захавання  і выкарыстання медыцынскіх выяў. Члены Сеткі электроннай аховы здароўя былі натхнёныя перспектывамі, якія можа адкрыць праца спадара Голубева для медыцыны. Сярод іх – магчымасць аддаленай працы, скарачэнне выдаткаў і інавацыйныя рашэнні для барацьбы з COVID-19. На сённяшні дзень Сетка DICOM аб’ядноўвае пяць бальніц у Кішынёве. Яна прадастаўляе абаронены анлайн-доступ да медыцынскіх даследаванняў і дапамагае ўрачам з медыцынскіх устаноў ажыццяўляць якасны медыцынскі менеджмент. Удзельнікі мерапрыемства выказалі зацікаўленасць у выкарыстанні падобнага рашэння ў іншых краінах.

Напрыканцы мерапрыемства доктар Васіль Кавалёў, прадстаўнік Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, распавёў аб вылічальных вэб-сэрвісах на аснове ШІ для аналізу медыцынскіх выяў. Доктар Кавалёў прадставіў свой унікальны прафесійны вопыт у галіне аналізу медыцынскіх выяў. Ён распавёў аб сваіх бягучых праектах і запланаванай працы ў сферы глыбокага навучання і аналізу медыцынскіх выяў. Доктар Кавалёў таксама паведаміў, што некаторыя краіны рэгіёна УП ужо цесна супрацоўнічаюць з калегамі з Беларусі ў сферы аналізу медыцынскіх выяў, а іншыя краіны атрымалі запрашэнні да супрацоўніцтва ў будучыні.

Асацыяцыя навукова-адукацыйных сетак Малдовы – www.renam.md

Група аналізу медыка-біялагічных выяў – https://image.org.by/ Праект EaP connect – https://eapconnect.eu/

Навіны

Паглядзець усё