Праект EU4Digital распачаў даследаванне мэтазгоднасці стварэння агульнай міжнароднай роўмінгавай прасторы паміж Усходнімі краінамі-партнёрамі і дзяржавамі-членамі ЕС. Запуск даследавання УП-ЕС, прысвечанага роўмінгу, адбыўся падчас віртуальнай сустрэчы 7 кастрычніка 2020 года на паралельным мерапрыемстве ў рамках Сустрэчы Кіруючага камітэта ініцыятывы EU4Digital, якая прайшла з 5 па 9 кастрычніка.
Больш за 50 удзельнікаў далучыліся да мерапрыемства, у тым ліку члены Працоўнай групы экспертаў па роўмінгу (REWG), прадстаўнікі Асацыяцыі еўрапейскіх рэгулятараў у галіне электронных камунікацый (BEREC), афіцыйныя асобы з Еўрапейскай камісіі (DG CONNECT, DG NEAR), каардынатары Гарманізаванага лічбавага рынку (HDM), Прадстаўніцтва ЕС і іншыя зацікаўленыя бакі з Усходніх краін-партнёраў.
Новы напрамак дзейнасці для падрыхтоўкі даследавання УП-ЕС, прысвечанага роўмінгу, быў прадстаўлены лідарам каманды EU4Digital, што займаецца Нормамі тэлекамунікацыйнага сектара, Андрэйсам Дамброўскісам, які адзначыў маштабы даследавання і чаканыя вынікі, працоўны план высокага ўзроўню, падыход да ўцягвання зацікаўленых бакоў, а таксама ключавыя базавыя фактары для паспяховага правядзення даследавання мэтазгоднасці.
«Я жадаю выразіць глыбокую падтрымку ідэі даследавання Усходняга партнёрства (УП) і ЕС, прысвечанага роўмінгу, прэзентацыя якога адбылася толькі што. На мой погляд, гэта вельмі важная ініцыятыва, якая ў будучыні можа прынесці карысць як Усходнім краінам-партнёрам, так і дзяржавам-членам ЕС», – заявіў Караль Кржывіцкі, намеснік прэзідэнта Упраўлення электронных камунікацый Польшчы (UKE), які выступае ў якасці старшыні Сеткі рэгулятараў электронных камунікацый Усходняга партнёрства (EaPeReg).
Старшыня REWG Сеткі EaPeReg Лілія Малон таксама выразіла сваю падтрымку ініцыятыве, дадаўшы, што «члены REWG рады супрацоўнічаць з камандай EU4Digital у рамках гэтага новага напрамку дзейнасці».
Намеснік старшыні BEREC Джэрэмі Годфры падкрэсліў, што «для таго, каб рухацца да агульнай роўмінгавай зоны паміж УП і ЕС, неабходна ўсё рабіць паслядоўна, а завяршэнне працы над Рэгіянальным пагадненнем аб роўмінгу паміж краінамі УП стане вельмі важнай вяхой. Гэта пакажа, што краіны УП могуць даваць абяцанні наконт рознічных і аптовых цэн, а таксама, што яны могуць быць выкананы». Даследаванне УП-ЕС, прысвечанае роўмінгу, з’яўляецца новай тэмай у рамках тэматычнай вобласці «Нормы тэлекамунікацыйнага сектара» Праекта EU4Digital. Адным з базавых фактараў для далейшай ацэнкі мэтазгоднасці агульнай роўмінгавай прасторы паміж УП і ЕС з’яўляецца падпісанне Рэгіянальнага пагаднення аб роўмінгу (РПР) паміж краінамі УП, чаму садзейнічае каманда EU4Digital. Чакаецца, што цырымонія падпісання РПР адбудзецца ў канцы 2020 ці ў пачатку 2021 года. Забягаючы наперад, у тым выпадку, калі агульная роўмінгавая прастора дакажа сваю мэтазгоднасць, мэтай даследавання УП-ЕС будзе прапанова найбольш адпаведнага ў заканадаўчым, эканамічным і тэхнічным плане варыянта ажыццяўлення гэтага праекта.