Еўрапейскае лічбавае дзесяцігоддзе: курс на моцную лічбавую Еўропу да 2030 года

  • Дата: 10/03/21
  • Падзяліцца:

Еўрапейская камісія абнародавала сваё бачанне і мэты паспяховай лічбавай трансфармацыі ў Еўропе да 2030 года, што з’яўляецца важнай умовай для ажыццяўлення перахода да няшкоднай для клімату і ўстойлівай эканомікі замкнёнага цыклу.

ЕС будзе імкнуцца дасягнуць лічбавай незалежнасці ў адкрытым і ўзаемазвязаным свеце, а таксама будзе весці палітыку, накіраваную на пашырэнне магчымасцей людзей і прадпрыемстваў, каб лічбавая будучыня была арыентаванай на чалавека, стабільнай і больш шчаслівай. Гэта падразумявае ўмацаванне слабых месцаў і пазбаўленне ад залежнасцяў, а таксама паскарэнне інвестыцый. ЕС таксама будзе прасоўваць сваю лічбавую павестку на міжнароднай арэне і папулярызаваць ідэю ўзгаднення або збліжэння замежных норм і стандартаў з еўрапейскімі.

У апублікаваным 9 сакавіка Камюніке прапануецца дамовіцца аб комплексе лічбавых прынцыпаў, якія дазволілі б хутка запускаць важныя праекты з удзелам многіх краін, і падрыхтаваць заканадаўчую прапанову, якая б вызначала жыццеўстойлівыя прынцыпы кіравання, каб сачыць за выкананай працай. Гэты план атрымаў назву «Лічбавы компас».

Паведамляючы аб стварэнні пакета мер, старшыня Еўрапейскай камісіі (ЕК) Урсула фон дэр Ляйен заявіла: «Пандэмія прадэманстравала важнасць лічбавых тэхналогій і навыкаў для працы, вучобы і іншых штодзённых задач, а таксама выявіла тыя месцы, якія патрабуюць паляпшэння. Мы павінны правесці гэта Еўрапейскае лічбавае дзесяцігоддзе так, каб грамадзяне і прадпрыемствы маглі атрымаць доступ да лепшага, што можа прапанаваць лічбавы свет. Цяперашні «Лічбавы компас» дае нам дакладнае ўяўленне аб тым, як гэтага дасягнуць».

Еўрапейскі «Лічбавы компас»

Пры дапамозе «Лічбавага компаса» ЕК прапануе прадставіць імкненні ЕС у лічбавай сферы да 2030 года ў выглядзе пэўных умоў. Яны факусіруюцца на чатырох асноўных напрамках:

1) Грамадзяне, якія валодаюць лічбавымі навыкамі, і высокакваліфікаваныя спецыялісты ў лічбавай галіне: да 2030 года прынамсі 80% сталага насельніцтва павінна валодаць базавымі лічбавымі навыкамі, а ў ЕС павінна быць 20 мільёнаў практыкуючых спецыялістаў у сферы ІКТ, жанчыны павінны часцей займаць падобныя працоўныя пазіцыі. 

2) Надзейная і ўстойлівая лічбавая інфраструктура: да 2030 года ўсе хатнія гаспадаркі павінны мець гігабітнае падключэнне, а ўсе населеныя тэрыторыі павінны быць пакрытыя сеткай 5G; выраб сучасных рэсурсазберагальных паўправаднікоў у Еўропе павінен складаць 20% ад сусветнага; 10 000 няшкодных для клімату перыферыйных вузлоў з высокай ступенню абароненасці павінны быць уведзеныя ў эксплуатацыю ў ЕС; у Еўропе павінен з’явіцца першы квантавы камп’ютар.

3) Лічбавая трансфармацыя прадпрыемстваў: да 2030 года тры з чатырох кампаній павінны выкарыстоўваць паслугі воблачных вылічэнняў, вялікія даныя і штучны інтэлект; больш за 90% МСП павінны дасягнуць хаця б базавага ўзроўню лічбавай інтэнсіўнасці; колькасць стартапаў-«аднарогаў» у ЕС павінна вырасці ў два разы.

4) Лічбавізацыя дзяржаўных паслуг: да 2030 года ўсе асноўныя дзяржаўныя паслугі павінны быць даступныя анлайн; усе грамадзяне будуць мець доступ да сваіх электронных медыцынскіх карт; 80% грамадзян павінны карыстацца тэхналогіяй электроннага пасведчання асобы.

Міжнародныя партнёрствы ў рамках Лічбавага дзесяцігоддзя

ЕС таксама будзе прасоўваць сваю арыентаваную на чалавека лічбавую павестку на міжнароднай арэне і папулярызаваць ідэю ўзгаднення або збліжэння замежных норм і стандартаў з еўрапейскімі. Ён таксама будзе забяспечваць бяспеку і ўстойлівасць лічбавых ланцугоў паставак і распрацоўваць рашэнні сусветнага маштабу. Гэта будзе дасягнута дзякуючы:

  • зацвярджэнню комплексу мер, якія падразумяваюць супрацоўніцтва рэгулятараў, вырашэнне праблемы нарошчвання патэнцыялу і паляпшэння навыкаў, а таксама інвесціраванне ў міжнароднае супрацоўніцтва і навукова-даследчыя партнёрствы;
  • распрацоўцы пакетаў мер у сферы лічбавай эканомікі, фінансаваных праз ініцыятывы, што аб’ядноўваюць дзяржавы-члены ЕС, прыватныя кампаніі, аднадумцаў і міжнародныя фінансавыя арганізацыі;
  • спалучэнню інвестыцый унутры ЕС і інструментаў знешняга супрацоўніцтва;
  • інвесціраванню ў паляпшэнне сувязей з партнёрамі ЕС, напрыклад, шляхам стварэння Фонду развіцця лічбавай сувязі.

Падтрымка ўстойлівай лічбавай трансфармацыі з’яўляецца адным з пяці прыярытэтных напрамкаў палітыкі, вылучаных Еўрапейскай камісіяй у прапанове аб доўгатэрміновых палітычных мэтах Усходняга партнёрства пасля 2020 года. Сваю падтрымку ЕС накіроўвае праз ініцыятыву EU4Digital.

Гісторыя пытання

Лічбавыя тэхналогіі маюць важнае значэнне для падтрымання эканамічнага і грамадскага жыцця падчас крызісу, выказанага пандэміяй каронавіруса. Яны будуць вызначальным фактарам для паспяховага перахода да ўстойлівай эканомікі і грамадства пасля пандэміі. Еўрапейскія прадпрыемствы і грамадзяне могуць атрымаць яшчэ больш лічбавых пераваг, павышаючы ўстойлівасць і пазбаўляючыся ад залежнасцяў на кожным узроўні: ад прамысловага сектара да індывідуальных тэхналогій. Еўрапейскі падыход да лічбавай трансфармацыі таксама з’яўляецца ключавым фактарам умацавання сусветнага ўплыву ЕС.

Узровень фінансавання ЕС у рамках Механізма аднаўлення і павышэння ўстойлівасці забяспечыць беспрэцэдэнтны маштаб і інтэнсіўнасць супрацоўніцтва паміж дзяржавамі-членамі, што з’яўляецца неабходным для паспяховага ажыццяўлення лічбавай трансфармацыі. 20% бюджэту ЕС на 2021-2027 гг. вылучаецца на выдаткі, звязаныя з развіццём лічбавых тэхналогій у кожнай краіне.

Дадатковая інфармацыя

Еўрапейскае лічбавае дзесяцігоддзе: Еўрапейская камісія бярэ курс на моцную лічбавую Еўропу да 2030 года

Еўрапейскае лічбавае дзесяцігоддзе – Пытанні і адказы

Еўрапейскае лічбавае дзесяцігоддзе – Факты

Камюніке «Лічбавы компас-2030»: еўрапейскі падыход да Лічбавага дзесяцігоддзя»

Еўрапейскі «Лічбавы компас» – Палітыка

Фарміраванне лічбавай будучыні Еўропы

Навіны

Паглядзець усё