Малдова і Беларусь правялі перамовы аб зніжэнні платы за роўмінг паміж дзвюма краінамі, гаворыцца ў прэс-рэлізе Міністэрства эканомікі і інфраструктуры Рэспублікі Малдова ад 20 лютага.
Міністэрства эканомікі і інфраструктуры Малдовы ў рэжыме відэаканферэнцыі правяло раўнд перамоў з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь. Тэмай абмеркавання стаў разгляд бягучай сітуацыі адносна тарыфаў на роўмінг у дзвюх краінах і вызначэнне шляхоў іх зніжэння і ліквідацыі. Дасягненне пагаднення паспрыяе прымяненню падобных мадэляў з іншымі дзяржавамі рэгіёну, адзначылі ў Міністэрстве.
Малдаўскі бок выступіў з прапановай заключыць рамачны мемарандум паміж кампетэнтнымі органамі абедзвюх дзяржаў, які падпішуць усе зацікаўленыя аператары.
«У адпаведнасці з мемарандумам, грамадзяне абедзвюх краін, якія падчас падарожжаў выкарыстоўваюць роўмінг у Рэспубліцы Беларусь ці Рэспубліцы Малдова, змогуць тэлефанаваць і дасылаць SMS у сваю краіну па нацыянальных тарыфах. Прыём уваходных званкоў і SMS будзе бясплатны. Таксама будзе магчымасць скарыстацца паслугай роўмінгу дадзеных у адпаведнасці з тарыфным планам», адзначыў дзяржаўны сакратар Віталій Тарлёў.
У якасці тэхнічнага рашэння малдаўскі бок прапануе прымяніць тэхналогію «хатняй маршрутызацыі», што канчаткова выключыла б праблему вельмі высокіх у рэгіёне тарыфаў на завяршэнне злучэнняў. Плата за званкі дадому будзе налічвацца ў адпаведнасці з прамымі пагадненнямі паміж аператарамі мабільнай сувязі.
Беларускі бок падтрымаў прапанову Міністэрства эканомікі і інфраструктуры Малдовы адносна рамачнага мемарандума, які будзе падпісаны зацікаўленымі аператарамі з абодвух бакоў. Беларусь зацікаўленая пачаць распрацоўку праекта мемарандума ў найбліжэйшы час і падпісаць яго ў рамках 27-га Міжнароднага форума па тэлекамунікацыях і інфармацыйных тэхналогіях TIBO-2020, які пройдзе ў Мінску 18-22 мая.