Усталяванне партнёрства для лічбавай трансфармацыі: Усходняе партнёрства ставіць у цэнтр увагі дасягненні і прыярытэтныя задачы лічбавай галіны

  • Дата: 29/09/21
  • Падзяліцца:

«Самае галоўнае – гэта ўсталяванне партнёрства» ў сферы лічбавай трансфармацыі на рэгіянальным і двухбаковым узроўні і паміж замежнымі, дзяржаўнымі і прыватнымі партнёрамі. З такім пасланнем выступіў Хоа-Бін Аджэмян, загадчык сектара эканамічнага развіцця і лічбавых тэхналогій у краінах Усходняга партнёрства падраздзялення С1 Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па пытаннях добрасуседства і перамовах аб пашырэнні (DG NEAR). З яго выступлення на пасяджэнні на тэму «Усходняе партнёрства – сучасны палітычны парадак дня і прыярытэтныя задачы пасля 2020 года», пачаўся другі дзень сустрэчы Кіруючага камітэта EU4Digital 28 верасня.

Удзельнікі пасяджэння скіравалі ўвагу на прыярытэтныя палітычныя задачы ЕС у галіне лічбавых тэхналогій, на дасягненні і наступныя этапы чатырох праектаў у межах ініцыятывы EU4Digital, а таксама на стан спраў і галоўныя задачы на будучыню ў шасці краінах-партнёрах.

Закрануўшы лічбавы падыход ЕС у дачыненні да Усходняга партнёрства, Хоа-Бін Аджэмян спыніўся на мэтах ЕС, якія ўваходзяць у Прыярытэтныя задачы для Усходняга партнёрства пасля 2020 года. Да іх адносіцца даступны высакахуткасны інтэрнэт для прынамсі 80% гаспадарак, зніжэнне цэн на роўмінг прынамсі на 80%, пашырэнне лічбавых магчымасцей аднаго мільёна грамадзян УП і ўдасканаленне структуры электроннага кіравання. «Амбіцыі вялікія, але дасягальныя», – сказаў ён, згадаўшы больш за 2 мільярды еўра, прадугледжаныя ў межах Плана эканамічнага развіцця і інвестыцый, а таксама патэнцыял для далейшага павелічэння прыватных і незалежных інвестыцый.

Ларс-Эрык Форсберг, намеснік галавы падраздзялення па палітыка-ідэалагічнай працы і міжнародных адносінах Генеральнага дырэктара Еўрапейскай камісіі па камунікацыйных сетках, кантэнце і тэхналогіях (DG CONNECT), падзяліўся ідэямі ЕС наконт наступнага лічбавага дзесяцігоддзя ў адпаведнасці з Лічбавым компасам, галоўнай з якіх з’яўляецца ідэя лічбавага грамадства, заснаванага на чатырох асноўных элементах: навыках, інфраструктуры, бізнесе і урадзе. Ён таксама падкрэсліў важнасць калектыўнай мабілізацыі і адзначыў, што поспеху можна дасягнуць, толькі аб’яднаўшы намаганні паміж ЕС, яго дзяржавамі-членамі і прыватным сектарам. «Такім жа чынам мы будзем выкарыстоўваць еўрапейскі камандны падыход да сумеснай працы з нашымі суседзямі над гэтымі чатырма галоўнымі элементамі», – сказаў ён

Дасягненні і перспектывы EU4Digital 

За некалькі месяцаў да заканчэння дзейнасці праграмы EU4Digital кіраўнік групы Артурас Піліпоніс зрабіў агляд яе дасягненняў у шасці тэматычных абласцях:

  • Нормы тэлекамунікацыйнага сектара: чаканае падпісанне рэгіянальных пагадненняў аб роўмінгу і спектры ў снежні 2021 года.
  • Давер і бяспека: пілотны праект электронных подпісаў, рэгіянальная дарожная карта ўзаемнага міжнароднага прызнання і садзейнічанне развіццю электроннага кіравання.
  • Электронны гандаль: паспяховыя пілотныя праекты eDelivery, eCustoms і eCommerce.
  • Інавацыі ў сферы ІКТ: стварэнне новага рэгіянальнага фонду EaP DISC Capital памерам 100-150 мільёнаў еўра, падтрымка экасістэм стартапаў, распрацоўка канцэпцыі рэгіянальнага цэнтра адукацыйных тэхналогій і распрацоўка ментарскай праграмы для жанчын.
  • Электронная ахова здароўя: распрацоўка кіраўніцтва па дасягненні сумяшчальнасці і стварэнне супольнасці дзеячаў электроннай аховы здароўя.
  • Лічбавыя навыкі: стварэнне Нацыянальных кааліцый па лічбавых навыках і працоўных месцах і Структуры лічбавых кампетэнцый для МСП.

«Але чаго б мы ні дасягнулі, гэта толькі пачатак», – заявіў Піліпоніс, акрэсліўшы галоўныя задачы ў кожнай вобласці пасля заканчэння цяперашняй фазы праекта ў студзені 2022 года. Распрацоўваючы базу для ацэнкі сітуацыі, вызначаючы рашэнні і практыкі ЕС, якія можна пераняць, мабілізуючы зацікаўленыя бакі і наладжваючы сувязі з міжнароднымі партнёрствамі і інвестарамі, праект EU4Digital «закладвае асновы для маштабнага прымянення лічбавых рашэнняў ва Усходніх краінах-партнёрах у будучыні», – сказаў ён.

Праект EU4Digital па распрацоўцы стратэгій развіцця шырокапалоснай сувязі, што ажыццяўляўся Сусветным банкам, завяршыўся ў снежні 2020 года. «Але наша праца працягваецца на іншых мерапрыемствах», – сказаў Хуан Навас-Сабатэр, адзін з кіраўнікоў праекта. Ён растлумачыў, як праект паспрыяў распрацоўцы і своечасоваму ажыццяўленню дзяржаўных стратэгій развіцця шырокапалоснай сувязі ў шасці Усходніх краінах-партнёрах. У межах праекта праца праводзілася ў пяці асноўных абласцях: супастаўляльны аналіз, аналіз разрываў, удасканаленне заканадаўчай і нарматыўнай базы, садзейнічанне шырокапалоснаму картаграфаванню, абмену вопытам і распрацоўцы ці абнаўленню стратэгій развіцця і ўкаранення шырокапалоснай сувязі. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на магчымасці для далейшага развіцця як міжнароднай, так і ўнутранай сувязі. «Усходнія краіны-партнёры маюць вялікія магчымасці інтэграцыі ў міжнародныя сеткі сувязі і могуць нават стаць пасрэднікамі паміж ЕС і Усходам», – сказаў ён.

Беснік Лімай, кіраўнік групы праекта Cybersecurity East, зрабіў агляд дасягненняў праекта ў такой важнай сферы, як кібербяспека, сярод якіх умацаванне дзяржаўнага кіравання ў сферы кібербяспекі і ўдасканаленне заканадаўчай базы, паляпшэнне навыкаў рэагавання на кіберінцыдэнты і ўдасканаленне крызіснага кіравання. Гэтага ўдалося дамагчыся дзякуючы семінарам, прафесійным трэнінгам і аператыўным вучэнням з удзелам органаў улады, адказных за кібербяспеку ў краінах-партнёрах.

Выступаючы напярэдадні запуску новага лічбавага тракту, які злучыць навукова-адукацыйныя супольнасці Малдовы, Украіны і Еўропы, Ірэна Мэцьюз, менеджар праекта EaPConnect, звярнула ўвагу на вялікшую карціну: «Сувязь дае грамадзянам дадатковыя магчымасці… Спалучэнне тэхналогій і чалавечых сетак забяспечвае патэнцыял для росту». Пры падтрымцы EaP Connect усе шэсць краін-партнёраў, 477 устаноў і 800 000 карыстальнікаў далучыліся да GÉANT, пан’еўрапейскай сеткі перадачы даных для навукова-адукацыйнай супольнасці. У выніку гэтага прадукцыйнасць павялічылася ў дзесяць разоў, але кошт падключэння знізіўся на 70%.

Стан спраў у краінах-партнёрах

У другой палове ранішняга пасяджэння прадстаўнікі дзяржаў і Дэлегацый ЕС у кожнай з краін распавялі пра стан спраў і прыярытэтныя задачы на будучыню ў вобласці лічбавай трансфармацыі ў кожнай з шасці Усходніх краін-партнёраў.

Прадстаўнік Арменіі распавёў пра лічбавізацыю дзяржаўных паслуг, якая прадоўжылася нягледзячы на пандэмію, а таксама пра тое, як урад садзейнічае стварэнню спрыяльнага асяроддзя праз конкурсы грантаў і падатковыя ільготы для кампаній.

Прадстаўнік Азербайджана адзначыў тры прыярытэтныя задачы, якія датычацца лічбавай стратэгіі: крэатыўнае і інавацыйнае грамадства, і ў тым ліку развіццё навыкаў, навуковыя даследаванні і ўдасканаленне экасістэмы стартапаў і інавацыйных кластараў, распрацоўка канцэпцыі лічбавай трансфармацыі, накіраванай на ўрад, грамадскую супольнасць і бізнес, і пераход на электроннае кіраванне, а таксама ўкараненне канцэпцый разумнага горада і вёскі.

Прадстаўнік Беларусі распавёў пра паспяховае паляпшэнне сувязі, што з’яўляецца асновай лічбавай трансфармацыі, дзякуючы развіццю оптавалаконнай шырокапалоснай і  мабільнай сувязі. Краіна паставіла перад сабой мэту пакрыць 99% тэрыторыі сеткамі 4/5G да 2025 года.

Прадстаўнік Грузіі таксама спыніўся на сувязі і акрэсліў стратэгію развіцця шырокапалоснай сувязі і распаўсюджвання сеткі 5G, што з’яўляецца стратэгічнай задачай. Ён таксама распавёў пра ўдзел у праекце Сусветнага банка Log-in Georgia, накіраваным на пашырэнне шырокапалоснай сувязі і развіццё лічбавай эканомікі.

Прадстаўнік Малдовы адзначыў, што выхад на Адзіны лічбавы рынак ЕС застаецца галоўнай задачай для краіны. «Гэта не толькі прыярытэтная задача, але і каталізатар развіцця», – сказаў ён і падкрэсліў тое, як гэта спрыяе лічбавізацыі МСП і дапамагае інавацыйным стартапам, ствараючы спрыяльнае асяроддзе для інавацый.

Прадстаўнік Украіны ўзгадаў даследаванне эканамічнай выгады ад інтэграцыі ў Адзіны еўрапейскі лічбавы рынак, якое паказала, што гэта прывядзе да росту ВУП на 12,1% дзякуючы павелічэнню аб’ёмаў гандлю. Абраўшы лічбавую інтэграцыю ў якасці адной з галоўных задач, урад назіраў цэлую плынь інавацый у вобласці электроннага кіравання з выкарыстаннем платформы электронных паслуг для грамадзян і прадпрыемстваў «ДІЯ». У краіне таксама быў прыняты закон аб электронных камунікацыях і распрацаваны план дзеянняў па развіцці шырокапалоснай сувязі.

Павіншаваўшы краіны-партнёры з іх дасягненнямі і адзначыўшы іх адданасць справе лічбавай трансфармацыі, кіраўнік праекта EU4Digital Артурас Піліпоніс падвёў вынік, звярнуўшыся да слоў Мацьё Буске, кіраўніка падраздзялення A3 «Тэматычная падтрымка: лічбавая і «зялёная» эканоміка, якая працуе для людзей і звязвае ўсё разам» пры DG NEAR, якія ён вымавіў у папярэдні дзень Лічбавай канферэнцыі для Усходняга партнёрства: «Я ўпэўнены, што выхад на лічбавы рынак ЕС не адбудзецца адначасова ці ў адпаведнасці з адзіным планам. Шлях да яго будзе пракладзены праз пэўныя дасягненні, якія ў першую чаргу дазволяць дабіцца сапраўднай салідарнасці».

Пасяджэнне завяршыў Цібо Шарле, новы кіраўнік праекта EU4Digital у DG NEAR. Падзякаваўшы ўсім, ён адзначыў, што ў той час, калі шматлікія распрацоўкі яшчэ ідуць, а пілотныя рашэнні яшчэ неабходна ўвесці на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях, Усходнія партнёры зрабілі значны поступ наперад і хутка пераадолеюць лічбавы разрыў з ЕС.

Сустрэча Лічбавага камітэта EU4Digital працягнецца да канца тыдня. У яе межах адбудуцца паглыбленыя тэматычныя пасяджэнні, прысвечаныя шасці галоўным напрамкам палітыкі ініцыятывы.

Навіны

Паглядзець усё