Працоўная група экспертаў па роўмінгу (REWG) завяршыла працу над тэкстам Рэгіянальнага пагаднення аб роўмінгу (РПР) і абмеркавала вынікі падрыхтоўкі даследавання УП-ЕС, прысвечанага роўмінгу, падчас 11-й рэгулярнай сустрэчы REWG, якая прайшла ў Дуброўніку з 30 верасня па 1 кастрычніка.
На сустрэчы сабраліся 40 спецыялістаў з шасці краін УП і дзяржаў-членаў ЕС (Ірландыі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Румыніі і Швецыі), а таксама прадстаўнікі працоўнай групы экспертаў па роўмінгу Асацыяцыі еўрапейскіх рэгулятараў у сферы электронных камунікацый (BEREC EWG), Групы рэгулятараў Еўрапейска-Міжземнаморскага рэгіёна (EMERG), Савета па рэгіянальным супрацоўніцтве (RCC), Еўрапейскай камісіі і каманды праекта EU4Digital.
Спецыялісты REWG абмеркавалі і ўзгаднілі канчатковы тэкст Рэгіянальнага пагаднення аб роўмінгу паміж краінамі УП на аснове перамоў, што адбыліся падчас Форума для зацікаўленых бакоў па пытаннях РПР і РПС (Рэгіянальнага пагаднення аб спектры), які прайшоў 23 верасня 2021 года. Канчатковы варыянт РПР перададуць зацікаўленым бакам, каб яны маглі завяршыць кансультацыі на дзяржаўным узроўні і падрыхтавацца да падпісання пагаднення, якое запланавана на снежань 2021 года.
Яшчэ адной важнай тэмай, прадстаўленай і вынесенай на абмеркаванне падчас сустрэчы, былі вынікі, дасягнутыя ў межах даследавання УП-ЕС, прысвечанага роўмінгу. Даследаванне праводзіцца дзеля вывучэння магчымасці стварэння агульнай міжнароднай роўмінгавай прасторы, і ў тым ліку эканамічна рацыянальнага зніжэння тарыфаў на роўмінг паміж краінамі УП і дзяржавамі-членамі ЕС. Падчас сустрэчы ўдзельнікі абмеркавалі і іншыя тэмы. REWG выкарыстоўвае найноўшыя распрацоўкі і вопыт краін Заходніх Балкан для ажыццяўлення аналагічнага праекта, накіраванага на выкананне ўмоў пагаднення. Падчас сустрэчы спецыялісты Савета па рэгіянальным супрацоўніцтве, з якім REWG цесна супрацоўнічала на працягу многіх гадоў, распавялі пра апошнія распрацоўкі і найбольш складаныя задачы. Эксперты таксама атрымалі магчымасць абмеркаваць уплыў пандэміі COVID-19 на рынак роўмінгавых паслуг. У прыватнасці, былі разгледжаныя выпадкі наступных краін: Швецыі, Польшчы і Літвы. Акрамя таго, члены REWG абмеркавалі і ўзгаднілі пытанні, звязаныя са стратэгічнай і аперацыйнай дзейнасцю REWG на 2021-2022 гг.