Асобныя пытанні развіцця Беларусі ў лічбавай сферы абмяркоўваліся 14 кастрычніка падчас дакладу прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку .
У пасяджэнні ўзялі ўдзел кіраўнікі ўраду, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, вядучых ВНУ і IT-сектара.
На сустрэчы былі выказаны прапановы, скіраваныя на далейшае развіццё ІТ-сектара і іншых працэсаў лічбавай трансфармацыі ў краіне.
Адным з пытанняў парадку дня стала адкрыццё ў Беларусі спецыялізаванай навучальнай установы для ІТ-спецыялістаў. «У ІТ-супольнасці з’явілася ініцыятыва аб стварэнні новай профільнай навучальнай установы. Гэта адно з пытанняў. Акрамя таго, ва ўрада ёсць прапановы аб тым, як удасканаліць сістэму кіравання інфарматызацыяй і лічбавымі працэсамі», сказаў прэзідэнт.
«У пяцігадовай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця інфарматызацыя вылучаная як адзін з прыярытэтаў», падкрэсліў прэзідэнт Лукашэнка. «Пакуль у гэтым напрамку хваліцца асабліва няма чым. Хоць на пятым Усебеларускім народным сходзе была пастаўлена задача да 2020 года стварыць паўнацэнны электронны ўрад».
Кіраўнік дзяржавы паабяцаў у бліжэйшы час правесці сур’ёзную нараду па ўсім коле праблем лічбавай трансфармацыі краіны. «Пачынаючы ад азоў: што ўсё ж такі такое лічбавізацыя, інфарматызацыя, камп’ютарызацыя, чым яны адрозніваюцца, што ў прыярытэце».
Як далажыў кіраўніку дзяржавы першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын, прапанова аб стварэнні ў Беларусі «хайтэк-універсітэта» грунтуецца на неабходнасці арганізацыі ў краіне падрыхтоўкі кадраў новай фармацыі. «Сусветная эканоміка пад уплывам ІТ-тэхналогій набывае зусім іншы выгляд. З’яўляюцца новыя галіны, якія генерыруюць каласальныя даходы, практычна не выкарыстоўваючы традыцыйныя рэсурсы і механізмы. І ў гэтым ключавую ролю адыгрывае чалавечы капітал… Для паспяховай лічбавай трансфармацыі і стварэння новай эканомікі нам неабходны спецыялісты зусім іншай якасці. Такіх мы пакуль не рыхтуем».Навіна