Сусветная арганізацыя аховы здароўя вызначае электронную ахову здароўя проста як «выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ) у сферы аховы здароўя». У бліжэйшы час тэхналогіі безумоўна не заменяць медыцынскіх працаўнікоў, але тэхналогіі абмену інфармацыяй могуць прынесці шмат карысці:
- Арыентаваны на пацыентаў падыход дае ім веды і магчымасці.
- Замест запаўнення бланкаў медыцынскія працаўнікі могуць сканцэнтраваць усю сваю ўвагу на пацыенце.
- Пацыенты атрымліваюць якаснае лячэнне, таму што стварэнне і захоўванне лічбавай інфармацыі, а таксама абмен ёю дазваляюць пазбегнуць дубліравання медыцынскіх працэдур.
- Дзякуючы анлайн-рэгістрацыі скарачаецца час чакання прыёму.
- Паслуга электронных рэцэптаў можа звесці папяровую і адміністрацыйную працу аптэкараў да мінімуму.
- Аналіз медыцынскіх даных садзейнічае інавацыям.
- Выкарыстанне тэхналогій спрыяе прафілактыцы захворванняў.
Электронная медыцынская карта (ЭМК) – гэта ключавы элемент, які дазваляе збіраць інфармацыю пра медыцынскія кансультацыі ў розных установах аховы здароўя. У выніку кожны чалавек мае адзіную і поўную ЭМК, што спрашчае і робіць больш празрыстым
супрацоўніцтва паміж рознымі медыцынскімі ўстановамі і спецыялістамі. Мэта сферы электроннай аховы здароўя – забяспечыць надзейны доступ да інфармацыі пра стан здароўя пацыента ў патрэбны час і ў патрэбным месцы, што дазволіць бесперапынна і якасна аказваць медыцынскія паслугі, дамагаючыся лепшых вынікаў лячэння.

ЕС сутыкаецца з мноствам агульных праблем у галіне медыцыны, якія назіраюцца і ва Усходніх краінах-партнёрах, напрыклад, са старэннем насельніцтва, з-за якога ўзнікае неабходнасць аптымізаваць і мадэрнізаваць медыцынскія паслугі.
Еўрапейская камісія вызначыла Адзіны лічбавы рынак у якасці аднаго са сваіх асноўных прыярытэтаў, а лічбавыя медыцынскія паслугі з’яўляюцца часткай гэтай стратэгіі. ЕС ужо прыняў законы аб медыцынскім абсталяванні, абароне медыцынскіх даных і абмене імі, а таксама аб лічбавай ідэнтыфікацыі і другасным выкарыстанні даных, што стварае выдатныя ўмовы для развіцця паслуг электроннай аховы здароўя ў ЕС. Многія краіны ЕС хутка прынялі стратэгіі ў галіне электроннай аховы здароўя, што прывяло да палітычнай рашучасці і паскоранаму і добра арганізаванаму развіццю паслуг электроннай аховы здароўя. У той самы час Усходнія краіны-партнёры прасунуліся ў ажыццяўленні вялікай колькасці індывідуальных, менш узгодненых праектаў у галіне электроннай аховы здароўя.
Акрамя таго, ЕС ажыццявіў ініцыятыву myHealth@EU. Зараз пры выездзе ў асобныя дзяржавы-члены можна карыстацца такімі трансгранічнымі медыцынскімі паслугамі, як электронныя рэцэпты і медыцынскае дасье пацыента, а ў будучыні да іх далучацца і іншыя паслугі. Сёння ЕС ідзе да таго, каб адкрыць доступ да медыцынскіх даных для другаснага ўжывання, такім чынам рыхтуючы медыцынскую інфраструктуру да выкарыстання штучнага інтэлекту, аналізу геномных даных і аказанню персаналізаванай медыцынскай дапамогі. На ўзроўні ЕС дасягненнем гэтай мэты займаецца ініцыятыва HealthData@EU.

У межах тэматычнай вобласці Электронная ахова здароўя праект EU4Digital ацэньвае стан сферы кіравання данымі ва Усходніх краінах-партнёрах і распрацоўвае для іх рэкамендацыі, каб магчымасці абмену і кіравання медыцынскай інфармацыяй адпавядалі як перадавому досведу ЕС, так і рэаліям Усходніх краін-партнёраў. У ідэале гэта азначае, што даныя адпавядаюць аднолькавым нормам і што яны сумяшчальныя з сістэмамі розных арганізацый, зацікаўленых бакоў, нават замежных. Сумяшчальнасць даных забяспечвае лепшы догляд пацыентаў, незалежна ад іх месцазнаходжання.
Яшчэ адзін аспект, які ахоплівае EU4Digital, – гэта анлайн-платформа для супрацоўніцтва, што дазваляе зацікаўленым бакам з Усходніх краін-партнёраў дзяліцца перадавым досведам сваіх краін. Гэта спецыяльнае месца, дзе эксперты могуць зарэгістравацца, каб супрацоўнічаць і звязвацца адно з адным для далейшага развіцця электроннай аховы здароўя.
Акрамя таго, EU4Digital садзейнічае ўдзелу Усходніх краін-партнёраў у ініцыятывах ЕС для развіцця інавацый і ўкаранення новых рашэнняў, перш за ўсё дыстанцыйнага медыцынскага кансультавання, аналізу даных для больш дакладнай дыягностыкі, тэхналогій разумнай хаты, сацыяльных праграм і праграм актыўнасці. EU4Digital таксама садзейнічае ўдзелу Усходніх краін-партнёраў у Еўрапейскім інавацыйным партнёрстве па актыўным і здаровым старэнні (EIP on AHA). Яно валодае сховішчам перадавога досведу еўрапейскіх краін, звязанага са многімі ўзгаданымі вышэй пытаннямі.

Сумяшчальнасць – гэта здольнасць розных сістэм, арганізацый ці краін абменьвацца інфармацыяй і выкарыстоўваць яе ў сваіх мэтах. Дзеля гэтага ўдзельнікі павінны правільна тлумачыць атрыманую інфармацыю, што падразумявае выкарыстанне агульных стандартаў і працэсаў для аказання паслуг электроннай аховы здароўя.
Сумяшчальнасць мае вырашальнае значэнне ў сферы медыцыны, таму што гэта галіна неаднастайная, складаная і ўключае розных дзеячаў, ад пастаўшчыкоў паслуг да пацыентаў, якія могуць наведваць некалькі медыцынскіх устаноў. Больш таго, сістэмы аховы здароўя часта ўяўляюць сабой унікальнае спалучэнне дрэнна звязаных паміж сабой прыватных і дзяржаўных паслуг.
Медыцынская установа можа прапаноўваць асобы від паслуг і, такім чынам, мець справу са спецыфічнай падгрупай пацыентаў і іх інфармацыяй. Неабходна добра развітая сумяшчальнасць паміж установамі, каб можна было атрымаць інфармацыю пра агульны стан здароўя пацыента.
Міжнароднаму супрацоўніцтву паміж дзяржавамі-членамі ЕС часта перашкаджае розніца ў лексіцы, што выкарыстоўваецца ў галіне электроннай аховы здароўя. Гэта вядзе да розніцы ў тлумачэнні адных і тых жа паняццяў і перашкаджае эфектыўнаму трансгранічнаму супрацоўніцтву. Недастатковая сумяшчальнасць вядзе да мноства праблем, з якімі сутыкаюцца грамадзяне, калі спрабуюць атрымаць доступ да медыцынскіх паслуг у розных установах і краінах. Павышэнне ўзроўню сумяшчальнасці можа садзейнічаць бесперапыннасці і павышэнню якасці медыцынскіх паслуг ва Усходніх краінах-партнёрах, што прывядзе да росту задаволенасці і паляпшэння здароўя насельніцтва.

У межах тэматычнай вобласці Электронная ахова здароўя праект EU4Digital стварыў Платформу для супрацоўніцтва ў сферы электроннай аховы здароўя. Гэта вылучаны прыватны канал, дзе спецыялісты сферы электроннай аховы здароўя з Усходніх краін-партнёраў могуць зарэгістравацца для рэгіянальнага супрацоўніцтва. Платформа дапамагае прафесіяналам распрацаваць агульныя рэкамендацыі ў галіне электроннай аховы здароўя, а ў будучыні яшчэ і паслугі. Яна садзейнічае міжнароднаму развіццю электроннай аховы здароўя і ўзгадненню ініцыятыў у рэгіёне.
На платформе змешчаны разнастайныя матэрыялы: ад календароў і інструментаў арганізацыі нарад да кіраўніцтваў па ажыццяўленні праектаў і планаў укаранення. Партал прапануе воблачнае сховішча дакументаў і інструменты супрацоўніцтва і стварэння вэб-старонак без кода ў асобных абласцях, якімі могуць карыстацца розныя групы. Платформа садзейнічае абмену ведамі паміж спецыялістамі па меры таго, як яны ажыццяўляюць ініцыятывы ў сваіх краінах. Яна дазваляе паскорыць і аптымізаваць правядзенне рэформаў у рэгіёне, дэманструючы найбольш паспяховыя прыклады і дапамагаючы партнёрам пазбегнуць праблем, з якімі сутыкнуліся суседнія краіны.

Усходнім краінам-партнёрам прапануецца прыняць удзел у Еўрапейскім інавацыйным партнёрстве па актыўным і здаровым старэнні (EIP on AHA), якім кіруе Еўрапейская камісія. Праграма дае магчымасць узаемадзейнічаць на многіх узроўнях, ад прагляду інфармацыйных артыкулаў аб інавацыях у сферы электроннай аховы здароўя да наведвання мерапрыемстваў, а таксама граць больш актыўную ролю, напрыклад, прымаючы ўдзел у праграмах ініцыятыўных груп і даведачных сайтаў.
Удзел у EIP on AHA спрыяе абмену інфармацыяй і наладжванню сувязей. Напрыклад, член праграмы даведачных сайтаў можа даведацца пра рашэнне, што выкарыстоўваецца ў краіне ЕС, і праз праграму падаць заяўку на яго ўжыванне ў сваім рэгіёне і наадварот. Удзельнікамі могуць быць як асобныя грамадзяне, так і арганізацыі, у тым ліку дзяржаўныя органы, прыватныя кампаніі, навукова-даследчыя інстытуты і сацыяльныя арганізацыі. Яшчэ адна ініцыятыва – MyHealth@EU – займаецца тэсціраваннем і ўкараненнем электронных трансгранічных медыцынскіх паслуг у ЕС. На дадзены момант прапанаваныя паслугі ўключаюць медыцынскае дасье пацыента і электронныя рэцэпты, а ў будучыні да іх далучацца вынікі лабараторных даследаванняў, медыцынскія выявы, разнастайныя справаздачы і г.д. Зараз абмяркоўваецца магчымасць уключыць у ініцыятыву краіны, якія адпавядаюць крытэрыям, але не ўваходзяць у ЕС. Такім чынам, Усходнія краіны-партнёры змогуць удзельнічаць у MyHealth@EU у будучыні.

Ахову здароўя будучыні можна ўявіць як бесперашкодную мабільнасць пацыентаў паміж медыцынскімі ўстановамі і краінамі. Яна таксама будзе бесперапыннай, а рашэнні будуць прымацца на падставе інфармацыі для дасягнення лепшых вынікаў лячэння. Міждзяржаўная інфраструктура электроннай аховы здароўя і электронныя рэцэпты дазволяць грамадзянам, якія знаходзяцца за мяжой, атрымліваць прапісаныя лекі ў мясцовых аптэках. Абмен медыцынскімі дасье пацыентаў дапаможа ўрачам лепш разумець медыцынскія гісторыі пацыентаў и прымаць абгрунтаваныя клінічныя рашэнні.
Каманда EU4Digital па электроннай ахове здароўя імкнецца распрацаваць стандарты і рэкамендацыі для развіцця трансгранічных медыцынскіх паслуг ва Усходніх краінах-партнёрах, што магчыма толькі пры дасягненні ўзаемаразумення і супрацоўніцтве. Дзеля гэтага каманда правяла аналіз сучаснага стану электроннай аховы здароўя ва Усходніх краінах-партнёрах і вызначыла асноўныя цяжкасці і задачы. Падрыхтаваныя наборы рэкамендацый будуць служыць асновай для ўкаранення трансгранічных паслуг электронных рэцэптаў і медыцынскага дасье пацыента ў рэгіёне.
