Ініцыятыва EU4Digital

Гарманізацыя лічбавых рынкаў з’яўляецца адным з ключавых прыкладаў палітыкі ЕС па дасягненні адчувальных вынікаў для грамадзян ва Усходнім партнёрстве. Падтрымка ЕС ажыццяўляецца праз ініцыятыву EU4Digital, якая аб’ядноўвае прыярытэтныя дзеянні і праграмы ў гэтай галіне.

Ініцыятыва EU4Digital накіраваная на пашырэнне Адзінага лічбавага рынку Еўрапейскага саюза на краіны Усходняга партнёрства, развіваючы патэнцыял лічбавай эканомікі і грамадства, каб забяспечыць эканамічны рост, стварыць новыя працоўныя месцы, палепшыць узровень жыцця людзей і дапамагчы бізнесу. Праз EU4Digital ЕС падтрымлівае ў краінах Усходняга партнёрства дзейнасць па зніжэнні тарыфаў на роўмінг, развіцці высакахуткаснай шырокапалоснай сувязі для стымулявання эканомікі і пашырэння сферы электронных паслуг, гарманізацыі лічбавага рэгулявання ў розных сферах дзейнасці: ад лагістыкі да аховы здароўя, будавання кібербяспекі, развіцця навыкаў і стварэння новых працоўных месцаў у лічбавай індустрыі. 

Гарманізацыя лічбавых рынкаў дзякуючы EU4Digital дапамагае прыбраць бар’еры для агульнаеўрапейскіх анлайн-паслуг для грамадзян, дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў, што робіць гэтыя паслугі больш даступнымі, якаснымі і разнастайнымі. Такі падыход спрыяе прыцягненню інвестыцый, павелічэнню аб’ёму гандлю і занятасці насельніцтва; існуючыя кампетэнцыі пачнуць развівацца хутчэй, будзе лягчэй ствараць стартапы, што ў сваю чаргу паспрыяе таму, каб таленавітыя кадры заставаліся ў сваёй краіне.

Цэнтральнае месца ў ініцыятыве EU4Digital займае трохгадовы праект ЕС  «EU4Digital: падтрымка лічбавай эканомікі і грамадства ва Усходнім партнёрстве» (2019-2022 гг.), які развівае ключавыя вобласці лічбавай эканомікі і грамадства ў адпаведнасці з нормамі і практыкай ЕС і інфармуе пра падтрымку ЕС па лініі лічбавага парадку дня ў рэгіёне. Праект аказвае падтрымку па шасці ключавых тэматычных блоках: нормы тэлекамунікацыйнага сектара, давер і бяспека, электронны гандаль, інавацыі ў сферы ІКТ, электронная ахова здароўя, лічбавыя навыкі. Гэтыя вобласці падтрымкі адлюстроўваюць шэсць сетак EU4Digital, створаных у 2016 годзе з удзелам прадстаўнікоў краін Усходняга партнёрства і дзяржаў-членаў ЕС.

Стварэнне лічбавай супольнасці: доўгатэрміновы прыярытэт

EU4Digital быў афіцыйна запушчаны Еўрапейскай камісіяй на Міністэрскай сустрэчы Усходняга партнёрства па лічбавай супольнасці ў 2016 годзе; узнікла шэсць рэгіянальных сетак EU4Digital для працы па прыярытэтных тэмах.

Сеткі EU4Digital падтрымліваюць працу Групы па гарманізацыі лічбавых рынкаў (HDM Panel), створаную у 2015 годзе на першай Міністэрскай сустрэчы Усходняга партнёрства па лічбавай эканоміцы і аб’ядноўваюць зацікаўленыя бакі, якія прадстаўляюць дзяржаў-членаў ЕС і краіны-партнёры, уключаючы дзяржаўныя адміністрацыі, прафесійныя і прамысловыя асацыяцыі, рэгулятыўныя органы, грамадзянскую супольнасць і фінансавыя інстытуты, з мэтай распрацоўкі стратэгіі гарманізацыі лічбавых рынкаў, каардынацыі дзейнасці і забеспячэння ўзгодненасці на нацыянальным, двухбаковым і рэгіянальным узроўнях. 

Лічбавая гарманізацыя: ключавая задача

Гарманізацыя лічбавых рынкаў з’яўляецца адной з 20 канкрэтных задач на перыяд да 2020 года ў адпаведнасці з дарожнай картай па дасягненні адчувальных вынікаў для грамадзян усходніх краін-партнёраў, ухваленай на саміце Усходняга партнёрства ў лістападзе 2017 года. 20 канкрэтных задач на перыяд да 2020 года апісваюць лічбавую эканоміку  як «вобласць з пакуль яшчэ не раскрытым патэнцыялам для сацыяльна-эканамічнага развіцця, а таксама для забеспячэння росту і стварэння працоўных месцаў як для  ЕС, так і для краін-партнёраў».

Вынік 7 — гарманізацыя лічбавых рынкаў уключаны ў прыярытэтную сферу «Умацаванне эканомікі: эканамічнае развіццё і паляпшэнне рынкавых магчымасцей», і прадугледжвае наступнае: «Гарманізацыя лічбавых рынкаў будзе спрыяць ліквідацыі існуючых перашкод і бар’ераў на шляху забеспячэння агульнаеўрапейскіх паслуг электроннага ўрада і электроннага бізнесу. У выніку, гэтыя паслугі стануць больш якаснымі, даступнымі і разнастайнымі; гарманізацыя лічбавых рынкаў прыцягне інвестыцыі і павысіць занятасць. Існуючыя кампаніі атрымаюць магчымасць расці хутчэй, а стартапы запускацца лягчэй.» 

EU4Digital: парасонавая ініцыятыва, праз якую накіроўваецца падтрымка ЕС

На дадзены момант ініцыятыва EU4Digital аб’ядноўвае наступныя прыярытэтныя дзеянні і праграмы ЕС:

  • Прафесійныя сеткі EU4Digital аб’ядноўваюць прадстаўнікоў краін Усходняга партнёрства і дзяржаў-членаў ЕС для працы па ключавых тэматычных напрамках.
  • EU4Digital: падтрымка лічбавай эканомікі і грамадства ў краінах Усходняга партнёрства, трохгадовы праект (2019-2022 гг), накіраваны на развіццё ключавых абласцей лічбавай эканомікі і грамадства ў адпаведнасці з нормамі і практыкай ЕС.
  • EU4Digital — стратэгіі па развіцці шырокапалоснага доступу ў рэгіёне Усходняга партнёрства (2018-2020 гг.), праект, які рэалізуецца Сусветным банкам для падтрымкі краін Усходняга партнёрства ў распрацоўцы і рэалізацыі нацыянальных стратэгій у галіне шырокапалоснай сувязі.
  • Праграма ЕС CYBER, якая знаходзіцца ў распрацоўцы і будзе накіраваная на ўмацаванне кібербяспекі ў краінах-партнёрах і павышэнне даверу да выкарыстання лічбавых паслуг.