Імкнучыся да ўстойлівай лічбавай трансфармацыі, мы павінны ўлічваць чалавечыя патрэбнасці і выгады. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі Лічбавай канферэнцыі EU4Digital для Усходняга партнёрства (УП), што прайшла 14 лістапада 2023 года. Тэма мерапрыемства «Лічбавая стратэгічная аўтаномія: выкарыстанне лічбавых тэхналогій для пашырэння магчымасцей грамадстваў і эканомік» падштурхнула да даследавання таго, як лічбавая сувязь і такія рэвалюцыйныя тэхналогіі, як штучны інтэлект (ШІ), могуць прывесці да прарыву на шляху да ўстойлівага ўрада, эканомікі і грамадства.
Лічбавая будучыня рэгіёна УП і кожнай асобнай Усходняй краіны-партнёра – Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы і Украіны – таксама залежыць ад чалавечага фактару: інвестыцый, супрацоўніцтва, сумесных пагадненняў, заканадаўства і агульных стандартаў. Спрыянне таму, каб гэтыя аспекты былі ўлічаны ў дзяржаўных і рэгіянальных стратэгіях, можа толькі дапамагчы дасягненню такіх мэт, як удасканаленне інфраструктуры сувязі, пашырэнне доступу да анлайн-паслуг, стымуляванне росту ўзроўню лічбавых навыкаў, колькасці працоўных месцаў, гандлю і забеспячэнне надзейнасці лічбавай экасістэмы, дзякуючы эфектыўным мерам кібербяспекі.
Каля 200 удзельнікаў далучыліся да анлайн-канферэнцыі разам з высокапастаўленымі прадстаўнікамі Усходніх краін-партнёраў, ініцыятывы EU4Digital і Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па пытаннях добрасуседства і перамовах аб пашырэнні (DG NEAR) для абмеркавання нацыянальных і еўрапейскіх стратэгій, задач і мерапрыемстваў на шляху да ўстойлівай лічбавай трансфармацыі. Галоўны запрошаны спікер От Вельсберг, дырэктар па даных урада Эстоніі, падзяліўся досведам таго, як яго краіна прыйшла да выкарыстання ШІ і кіравання данымі з улікам інтарэсаў грамадзян.
Адкрыў канферэнцыю Лоўрэнс Мэрэдыт, галава аддзела па пытаннях Усходняга суседства і інстытуцыянальнага будаўніцтва , DG NEAR. Ён сказаў, што «вельмі ўражаны» тым, як многа было дасягнута на сённяшні дзень праектам EU4Digital у супрацоўніцтве з зацікаўленымі бакамі з Усходняга партнёрства ў справе гарманізацыі з Адзіным лічбавым рынкам ЕС, пабудовы лічбавага грамадства і ўзгаднення са стандартамі ЕС. Але ён адзначыў, што важна завяршыць афармленне пагадненняў аб роўмінгу і спектры і працягваць фінансаванне ў межах Эканамічнага і інвестыцыйнага плана ЕС для рэгіёна, каб супрацоўніцтва прынесла вынікі, якія сапраўды палепшаць жыццё людзей.
Мы далёка прасунуліся, але нам трэба актывізаваць працу ў галіне лічбавай трансфармацыі.
Лоўрэнс Мэрэдыт, галава аддзела па пытаннях Усходняга суседства і інстытуцыянальнага будаўніцтва , DG NEAR.
Старшынстваваў на мерапрыемстве Жэральд Одаз, кіраўнік каманды па эканамічным развіцці і лічбавым пераходзе ва Усходнім партнёрстве, DG NEAR. Ён заявіў, што «паспяховае ажыццяўленне лічбавай трансфармацыі ў адпаведнасці з прынцыпамі ЕС дасць мноства пераваг грамадзянам і прадпрыемствам». Збліжэнне грамадстваў і эканомік і павышэнне эфектыўнасці і празрыстасці дзяржаўных анлайн-паслуг «таксама дазволіць рэгіёну раскрыць увесь патэнцыял новых тэхналогій, такіх як штучны інтэлект, які грае важную ролю ў паскарэнні росту нашых эканомік і павышэнні канкурэнцыі». Але, усведамляючы, што такія тэхналогіі нясуць пэўныя рызыкі, ён дадаў, што рэгуляванне выкарыстання даных і распрацоўка законаў аб ШІ, што спрыяюць інавацыям, з’яўляюцца «неабходнымі ўмовамі для павелічэння нашых тэхналагічных пераваг і лічбавай незалежнасці з адначасовым абмежаваннем рызык».
От Вельсберг, дырэктар па даных урада Эстоніі, растлумачыў у сваёй праграмнай прэзентацыі, што гэтая невялікая краіна з насельніцтвам 1,3 мільёна чалавек мае найбольш развітую ў Еўропе эканоміку даных па аб’ёме ВУП. У 2018 годзе Эстонія пачала факусіравацца на ШІ, каб развіць базавыя кампетэнцыі і вырашыць, як далей працаваць з гэтай тэхналогіяй. Рыхтуючы сваю трэцюю стратэгію ў галіне ШІ, Эстонія сутыкаецца з такімі цяжкасцямі, як недахоп адпаведных навыкаў. «Мы павінны зрабіць так, каб укараненне ШІ было арыентавана на чалавека і заслугоўвала даверу. Наш падыход палягае ў кіраванні данымі з улікам інтарэсаў грамадзян. Гэта датычыцца даступнасці і адкрытасці даных, кіравання імі, канфідэнцыяльнасці і гэтак далей». Асноватворны прынцып складаецца ў тым, што, калі ўрад інвестуе ў ШІ, ён павінен быць даступны грамадзянам. Яшчэ адзін важны аспект у забеспячэнні даступнасці віртуальных дзяржаўных паслуг для ўсіх грамадзян звязаны з тым, каб эстонская мова не стала перашкодай для гэтага. «Каб усё гэта стала магчымым, важна сфакусіравацца на даных як інструменце», – сказаў ён. «Наша стратэгія – гэта падыход, які вызначаецца супольнасцю: паўторнае выкарыстанне ўжо даступных паслуг і інструментаў, пачынаючы з малага і не ўскладняючы».
Ад лічбавай інфраструктуры да лічбавых інавацый
Лічбавая сувязь – гэта першы структурны элемент устойлівай лічбавай трансфармацыі. Пераводзячы ўвагу ўдзельнікаў канферэнцыі на інфраструктуру сувязі, Артурас Піліпоніс, кіраўнік каманды праекта EU4Digital, EY, паразважаў аб працы, выкананай на сённяшні дзень Усходнімі краінамі-партнёрамі ў межах праекта EU4Digital. «Краіны паляпшаюць свае здольнасці разумець рынак, збіраць даныя і прымаць адпаведныя рашэнні на іх падставе». Распрацоўкі накіраваны на развіццё высакахуткаснага, таннага і надзейнага доступу да шырокапалоснай сувязі, але «ў той жа час шмат чаго яшчэ трэба зрабіць дзеля таго, каб лічбавая сувязь стала асновай для інавацый, лічбавых экасістэм і лічбавай эканомікі», – заявіў ён.
Прадстаўнікі Усходніх краін-партнёраў зрабілі агляд сваіх дзяржаўных стратэгій у галіне сувязі, ініцыятыў па пераадоленні лічбавага разрыву і цяжкасцей, з якімі яны сутыкаюцца на шляху да дасягнення сваіх мэт.
- Міхай Лупаску, дзяржаўны сакратар Міністэрства эканамічнага развіцця і лічбавізацыі Рэспублікі Малдова, вынес на абмеркаванне стратэгію лічбавай трансфармацыі, ажыццяўленне якой пачалося ў краіне нядаўна. Адны з яе галоўных прыярытэтаў – гэта сувязь і даступны інтэрнэт для ўсіх грамадзян. Самымі важнымі праблемамі з’яўляюцца дэпапуляцыя, якая робіць буйныя інвестыцыі ў інфраструктуру эканамічна нявыгаднымі, частая адсутнасць у пастаўшчыкоў паслуг магчымасцей інвеставаць у пашырэнне сеткі і новыя тэхналогіі і зніжэнне пакупной здольнасці грамадзян у выніку нядаўняй інфляцыі. Мэты ўключаюць забеспячэнне 80% насельніцтва шырокапалосным інтэрнэтам да 2025 года і 90% насельніцтва да 2030 года. Каб іх дасягнуць, нарматыўная база Малдовы будзе гарманізаваная з прававой базай ЕС, якая датычыцца электроннай сувязі, і пастаўшчыкі тэлекамунікацыйных паслуг будуць абавязаны знізіць выдаткі на камунікацыйныя сеткі, у чым ім будзе аказана падтрымка. Зніжаныя тарыфы на роўмінг для грамадзян, што вандруюць паміж Малдовай і краінамі ЕС, будуць даступныя з 1 студзеня 2024 года.
- Геворг Манташ’ян, першы намеснік міністра высокатэхналагічнай прамысловасці Рэспублікі Арменія, пагаварыў пра ўзаемадзеянні паміж людзьмі і прадпрыемствамі, а таксама ўзняў «гарачую тэму» неабходнасці высокакваліфікаванай працоўнай сілы і дзяржаўных ініцыятыў, якія б рабілі ўнёсак у развіццё чалавечага капіталу і прываблівалі таленты з-за мяжы. Арменія з дынамічнай экасістэмай стартапаў і павышанай увагай да лічбавай адукацыі глядзіць на лічбавы разрыў як на «філасофскую і нават духоўную» праблему. Краіна з энтузіязмам і зацікаўленасцю ставіцца да супрацоўніцтва і тэсціравання лічбавых тэхналогій і платформаў. Лічбавая сувязь і якасць інфраструктуры маюць ключавое значэнне для дасягнення мэт, а таксама для гандлю, даступнасці рынку і эканомікі. Больш якасная інфраструктура і сучасныя тэхналогіі дапамогуць паскорыць творчы працэс і будуць далей стымуляваць развіццё экасістэмы стартапаў.
- Юрый Мацык, дырэктар аддзела інфраструктуры шырокапалоснай сувязі Міністэрства лічбавай трансфармацыі Украіны, пагаварыў пра ўплыў расійскай агрэсіі на лічбавую сувязь і адначасовае структурнае развіццё краіны. Да пачатку бягучага канфлікту 98% краіны было забяспечана сувяззю, 2,7 мільёна ўкраінцаў з 8300 гарадоў упершыню атрымалі доступ да 4G. У 2021 годзе дзяржаўная праграма забяспечыла 1 мільён украінцаў з 3000 вёсак высакахуткасным інтэрнэтам, да сеткі далучылася больш за 7000 сацыяльных аб’ектаў. Зараз ІКТ-сеткі часткова ці поўнасцю зруйнаваныя, больш за тысячу кібератак было здзейснена на інфармацыйныя і тэлекамунікацыйныя аб’екты, а таксама была знішчана інфраструктура больш чым 600 аператараў. Каля 2 мільярдаў долараў ЗША неабходна для аднаўлення тэлекамунікацыйнай галіны, а страта надзейнага электразабеспячэння з’яўляецца галоўнай перашкодай для гэтага. Мэта палягае ў мадэрнізацыі і рэканструкцыі сеткі, каб павысіць устойлівасць, стабілізаваць і абараніць доступ у інтэрнэт, павысіць кібербяспеку і наладзіць лічбавую сувязь паміж Еўропай і Азіяй праз Украіну і Чорнае мора.
- Гульназ Бакучава, галоўны спецыяліст аддзела сувязі, інфармацыі і сучасных тэхналогій Міністэрства эканомікі і ўстойлівага развіцця Грузіі, заявіла, што геаграфічныя і фінансавыя цяжкасці з’яўляюцца аднымі з самых сур’ёзных перашкод для праектаў у галіне сувязі, робячы лічбавы разрыў паміж гарадской і сельскай ці горнай мясцовасцю пастаяннай праблемай. Стратэгія развіцця шырокапалоснай сувязі ў краіне на 2020-2025 гады ўключае тры напрамкі: павышэнне канкурэнтнага ціску, прыцягненне інвестыцый і фарміраванне навыкаў. Праз праект Log-in Georgia ужо робяцца інвестыцыі ў пашырэнне нацыянальнай шырокапалоснай сеткі, каб забяспечыць хуткім і надзейным інтэрнэтам сельскую мясцовасць Грузіі. Міністэрства выступае ў якасці дырэктыўнага органа, што каардынуе выдзяленне сродкаў на лічбавізацыю і актыўна ажыццяўляе розныя віды дзейнасці. Вельмі важна інвеставаць у міжнародную сувязь. Праект прыцягнення інвестыцый уключае лічбавы цэнтр і рэгіянальныя цэнтры апрацоўкі даных, а таксама мерапрыемствы для падтрымкі мясцовых сетак у менш густанаселеных раёнах. Праграмы развіцця інтарэсу да лічбавых тэхналогій у раёнах, дзе яны недастаткова распаўсюджаны, стымулююць мясцовых жыхароў карыстацца лічбавымі інструментамі і даюць эканамічныя магчымасці тым, хто жыве ў аддаленых раёнах. Грузія гарманізуе свае законы з заканадаўствам ЕС, прававыя і тэхнічныя базы дазваляюць знізіць выдаткі, а ў 2023 годзе быў прыняты закон аб сумесным карыстанні інфраструктурай. Ён садзейнічае прыняццю мер, што будуць спрыяць удасканаленню лічбавых сетак і паслуг.
- Джэйхун Гаджыеў, старшы кансультант аддзела стратэгічнага аналізу, інавацый і лічбавізацыі Міністэрства лічбавага развіцця і транспарту Азербайджана, прадставіў праект «Анлайн-Азербайджан». Ён займаецца заменай старой тэхналогіі ADSL на новую, больш танную і імкнецца палепшыць дабрабыт грамадзян дзякуючы доступу да высакахуткаснага інтэрнэту, а таксама інавацыйным рашэнням дзеля таго, каб людзі з аддаленых раёнаў больш актыўна карысталіся паслугамі сувязі. Праект заснаваны на прыватна-дзяржаўным партнёрстве і супрацоўніцтве і ўключае ў сябе цэлы шэраг розных ініцыятыў, у тым ліку план забеспячэння ўсіх хатніх гаспадарак доступам у інтэрнэт з мінімальнай хуткасцю 25 мегабіт у секунду да канца 2024 года. Дзеля яго падрыхтоўкі была выканана праца па вызначэнні ўзроўню лічбавай пісьменнасці і асаблівасцей лічбавых паводзін у рэгіёнах. Таксама ў Азербайджане нядаўна з’явіўся незалежны рэгулятар у галіне тэлекамунікацый – Агенцтва інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Яго дзейнасць уключае нарматыўны кантроль і кіраванне спектрам для стварэння лічбавай прасторы з якаснымі, даступнымі, зразумелымі, надзейнымі і арыентаванымі на спажыўца тэлекамунікацыйнымі і паштовымі паслугамі.
Дадатковая інфармацыя
Гэта была трэцяя штогадовая Лічбавая канферэнцыя EU4Digital для Усходняга партнёрства. Следам за ёй, 15 лістапада 2023 года, адбылася закрытая сустрэча Кіраўнічага камітэта EU4Digital. Гэтыя дзве падзеі з’яўляюцца аднымі з асноўных мерапрыемстваў, што праводзяцца з мэтай абмеркавання сумеснага парадку дня Еўрапейскага саюза (ЕС) і Усходняга партнёрства. Гэтыя штогадовыя мерапрыемствы ўмацоўваюць адносіны паміж праектам EU4Digital і яго зацікаўленымі бакамі з Усходніх краін-партнёраў і дзяржаў-членаў ЕС. Такім чынам зацікаўленыя бакі атрымліваюць магчымасці павысіць сваю ўцягнутасць у праект і ўплыў на яго вынікі.
Прэзентацыя і відэаролік з Лічбавай канферэнцыі будуць даступныя на сайте канферэнцыі.
Самыя яскравыя моманты Лічбавай канферэнцыі і сустрэчы Кіраўнічага камітэта будуць асветлены ў спецыяльнай інфармацыйнай рассылцы EU4Digital. Каб атрымліваць гэтакія паведамленні на электронную пошту, падпісвайцеся на інфармацыйную рассылку.
Падпісвайцеся на нас у «Твітэры» @EU4Digital, адзначайце публікацыі, якія вам спадабаліся, і дзяліцеся імі, карыстаючыся ключавымі словамі #EU4Digital, #УсходняеПартнёрства і #ЛічбаваяТрансфармацыя.
- Азербайджан
- Арменія
- Грузія
- Рэспубліка Малдова
- Украіна
- EaPConnect
- Інавацыі ў сферы ІКТ
- Лічбавы давер
- Лічбавыя навыкі
- Нормы тэлекамунікацыйнага сектара
- Электронная ахова здароўя
- Электронны гандаль
Больш навін
-
11/04/2024
Справаздача аб перадавым досведзе развіцця прыватных сетак 5G у ЕС даступна для пампавання
У межах напрамку дзейнасці Нормы тэлекамунікацыйнага сектара спецыялісты праекта EU4Digital падрыхтавалі справ…
Чытаць далей -
09/04/2024
Адкрыты першы курс навучання лічбавым навыкам Акадэміі EU4Digital!
Праект EU4Digital запрашае грамадзян і прадстаўнікоў малых і сярэдніх прадпрыемстваў (МСП) з Украіны зарэгістр…
Чытаць далей -
09/04/2024
Новая Акадэмія EU4Digital запрашае на заняткі грамадзян і прадпрымальнікаў Усходняга партнёрства
Праект EU4Digital адкрыў Акадэмію EU4Digital. Гэта праграма лічбавай адукацыі, якая робіць навучанне лічбавым…
Чытаць далей
11/04/2024
Справаздача аб перадавым досведзе развіцця прыватных сетак 5G у ЕС даступна для пампавання
У межах напрамку дзейнасці Нормы тэлекамунікацыйнага сектара спецыялісты праекта EU4Digital падрыхтавалі справ…
Чытаць далей09/04/2024
Адкрыты першы курс навучання лічбавым навыкам Акадэміі EU4Digital!
Праект EU4Digital запрашае грамадзян і прадстаўнікоў малых і сярэдніх прадпрыемстваў (МСП) з Украіны зарэгістр…
Чытаць далей09/04/2024
Новая Акадэмія EU4Digital запрашае на заняткі грамадзян і прадпрымальнікаў Усходняга партнёрства
Праект EU4Digital адкрыў Акадэмію EU4Digital. Гэта праграма лічбавай адукацыі, якая робіць навучанне лічбавым…
Чытаць далей