Семінар, арганізаваны праектамі EaPConnect і GÉANT, якія фінансуюцца ЕС, сабраў менеджараў па воблачных тэхналогіях з еўрапейскіх даследчых і адукацыйных сетак і вядучых правайдараў тэхналогій.
Сустрэча адбылася 4-5 сакавіка ў Нікасіі, Кіпр, прымаючы бок — CyNet. Мэтай было паспрыяць перадачы ведаў паміж нацыянальнымі навукова-даследчымі і адукацыйнымі сеткамі (ННДАС) з Еўропы і краін Усходняга партнёрства.
Каманда па воблачных тэхналогіях праекта GÉANT разам з камандай па навучанні і развіцці GLAD прадставіла воблачнае партфоліа «GÉANT» — шэраг інструментаў, а таксама навыкі і веды, неабходныя для прыняцця рашэнняў аб воблачных сэрвісах.
Удзельнікі мелі магчымасць азнаёміцца і абмеркаваць найноўшыя воблачныя тэхналогіі з экспертамі AWS, Microsoft і Google, а таксама зразумець іх падыходы да ўкаранення воблачных тэхналогій. Прысутнасць прадстаўнікоў гэтых трох правайдараў была надзвычай карыснай для менеджараў па воблачных тэхналогіях ННДАС. Прэзентацыі дапамаглі пабачыць у агульным, як кліенты ННДАС могуць выкарыстоўваць воблачныя тэхналогіі, а таксама паказалі тэхнічныя дэталі і прыклады карыстальніцкіх гісторый.
«Семінар даў унікальную магчымасць даведацца пра функцыянаванне гігантаў воблачных тэхналогій, зразумець іх філасофію продажаў і стратэгію развіцця паслуг», — адзначыў Аляксей Белацэркоўскі з BASNET, Беларусь.
Магчымасць абменьвацца вопытам і ведамі дазваляе супольнасці ННДАС хутка знаходзіць найлепшыя шляхі ўкараняць воблачныя сэрвісы для даследаванняў і адукацыі.
Праект EaPConnect накіраваны на стварэнне рэгіянальнай навукова-адукацыйнай сеткі ў краінах Усходняга партнёрства ЕС — Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне. Агульная мэта заключаецца ў скарачэнні лічбавага разрыву, паляпшэнні ўнутрырэгіянальных сувязей і садзейнічанні ўдзелу мясцовых навукоўцаў, студэнтаў і прадстаўнікоў акадэмічных колаў у глабальным навукова-адукацыйным супрацоўніцтве.