Што такое электронная мытня і якая ад яе карысць?

  • Дата: 24/04/20
  • Падзяліцца:

Пад электроннай мытняй разумеецца сістэматычны і аўтаматычны абмен мытнай інфармацыяй (напрыклад, аб парожніх грузавых аўтамабілях, ацэнцы рызык, адпаведнасці даных, выніках мытнага кантролю) паміж эканамічнымі аператарамі і мытнымі органамі.  

Калі эканамічныя аператары перавозяць тавары праз межы і ўзаемадзейнічаюць з мытнымі службамі, яны сутыкаюцца з затрымкамі з-за недастатковай аўтаматызацыі і адсутнасці своечасовай сувязі паміж мытнымі службамі. У выніку гэтага канчатковыя пакупнікі таксама сутыкаюцца з затрымкамі даставак сваіх пакупак. Так адбываецца таму, што:  

  • Мытная інфармацыя не паступае своечасова, што не дазваляе мытні і прадпрыемствам эфектыўна кіраваць рызыкамі бяспекі;
  • Не наладжана аўтаматычнае супастаўленне даных (напрыклад, каб параўнаць, ці з’яўляецца інфармацыя ў дэкларацыі ў краіне адпраўлення такой жа самай, як у краіне прыбыцця);
  • Адсутнічае абмен інфармацыяй перад увозам (напрыклад, калі груз прыбывае на пагранічны пункт, перавозчык павінен чакаць завяршэння ацэнкі рызыкі, перш чым перасячы мяжу).

Дзейнасць у сферы электроннай мытні дапамагае вырашыць гэтыя праблемы праз забеспячэнне прадпрыемстваў і органаў улады неабходнымі мадэлямі супрацоўніцтва (напрыклад, як весці супрацоўніцтва, будаваць сістэмы сувязі), якія дазваляюць эфектыўна абменьвацца інфармацыяй.  Яна аптымізуе ўзаемадзеянне з мытнымі службамі, зніжаючы гандлёвыя выдаткі прадпрыемстваў і паскараючы дастаўку тавараў і аказанне паслуг. 

Праект EU4Digital прааналізаваў наяўныя рашэнні і іх прыдатнасць для рэгіёна і спыніў свой выбар на рашэнні SEED (рашэнні для сістэматычнага абмену электроннымі данымі) для пілотнага праекта электроннай мытні. Рашэнне SEED было ўведзенае мытнымі органамі заходне-балканскіх краін пры фінансавай падтрымцы ЕС. Яно мае наступныя перавагі:

  • Даказаная бяспечнасць,
  • Стандарты даных,
  • Простая адаптацыя да нацыянальных сістэм,
  • Гнуткасць адносна функцыянальнасці і патрабаванняў да абмену наборамі даных.  

У заходне-балканскіх краінах SEED дазволіла вырашыць наступныя праблемы:

  • Заніжэнне кошту праз падмену рахункаў-фактур і змяншэнне мытнага кошту пры ўвозе;
  • Падробка дакументаў, што пацвярджаюць выезд гружаных цяжкагрузаў (парушэнні, звязаныя з вяртаннем ПДВ);
  • Парушэнні, звязаныя з (няправільным) выкарыстаннем транспартных дакументаў (напрыклад, карнетаў ATA);
  • Выяўленне сур’ёзных мытных правапарушэнняў, такіх як кантрабанда тытуню і наркотыкаў. 

Задача пілотнага праекта – забяспечыць абмен электроннымі мытнымі данымі паміж мытнымі органамі Усходніх краін-партнёраў і дзяржаў-членаў ЕС. На першым этапе праводзіцца тэставанне пачатковых (абмежаваных) функцый і набораў даных.

Пілотны праект у сферы электроннай матні паспяхова прайшоў паміж мытнымі органамі Беларусі і Літвы. Даведайцеся больш: Запуск пілотнага праекта па абмене наборамі даных аб экспарце паміж Беларуссю і Літвой.

Пілотныя праекты дапамагаюць палепшыць працэс абмену мытнымі данымі паміж мытнымі службамі і вызначыць магчымасці для далейшага ўдасканалення мытных фармальнасцей, ацэнкі рызыкі і супрацоўніцтва паміж мытнымі органамі. Вынікам гэтай працы з’яўляюцца рэкамендацыі для поўнага укаранення рашэння, каб яно магло выкарыстоўвацца ва ўсім рэгіёне. 


Карткi

Паглядзець усё