Галава Еўрапейскага фонду адукацыі (ЕФА) падкрэсліў важнасць лічбавага навучання ў барацьбе з пандэміяй COVID-19 і яе наступствамі і прадставіў вынікі даклада ЕФА аб лічбавым навучанні ў суседніх рэгіёнах ЕС падчас вэбінара Еўрапейскага інстытута інавацый і тэхналогій, які прайшоў 11 чэрвеня.
Да ўдзельнікаў вэбінара таксама звярнуўся еўракамісар па пытаннях занятасці і сацыяльных правоў Нікалас Шміт, які падкрэсліў ролю ЕС у забеспячэнні павышэння кваліфікацыі ў адказ на лічбавую трансфармацыю, звярнуўшы асаблівую ўвагу на ключавую ролю прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а таксама на неабходнасць дасягнення гендарнай роўнасці і развіцця зялёных навыкаў.
Гэтае мерапрыемства на высокім узроўні аб’яднала выдатных дзеячаў дзяржаўнага кіраўніцтва, прамысловасці і адукацыі.
Дырэктар ЕФА Чэзарэ Анесціні акрэсліў важнейшыя напрамкі павышэння кваліфікацыі, якія былі неабходныя для рэагавання на пандэмію COVID-19, поспех у барацьбе з якой залежаў ад узроўню папярэдняга ўкладу краін у развіццё лічбавых тэхналогій. Ён прадставіў вынікі нядаўна апублікаванага даклада па карціраванні аддаленага лічбавага навучання ў краінах-партнёрах ЕФА (у тым ліку і ў краінах Усходняга партнёрства) падчас крызісу.
«Здольнасць каардынаваць намаганні шматлікіх зацікаўленых бакоў была вырашальным фактарам поспеху», – заявіў Анесціні. Многія краіны змаглі хутка зрэагаваць і мабілізаваць партнёрствы паміж прыватным і дзяржаўным сектарам для стварэння платформаў і тэсціравання новых ідэй.
«Там, дзе інвестыцыі ў лічбавую сферу былі не такія вялікія, было цяжэй прыстасавацца да вымушанага пераходу да віртуальнай адукацыі», – дадаў ён.
У цэлым, выкладчыкі перавысілі ўсе спадзяванні і хутка перайшлі да анлайн-навучання. Тым ня менш пандэмія выклікала вялікшую патрэбу ў вырашэнні праблемы інклюзіі і ў пераадоленні цяжкасцей доступу да навучання і яго распаўсюджання, чаго можна дасягнуць, калі прыцягнуць бацькоў і сем’і да працэсу навучання. Разгон, які быў дасягнуты ў сувязі з неабходнасцю рэагавання на COVID-19, трэба выкарыстаць для распрацоўкі новых больш структураваных рашэнняў.