Найбуйнейшая ў Еўропе сетка МСП сферы ІКТ запрашае да супрацоўніцтва асацыяцыі прадпрыемстваў лічбавай галіны УП

  • Дата: 14/10/21
  • Падзяліцца:

11 кастрычніка ініцыятыва EU4Digital арганізавала мерапрыемства з мэтай дапамагчы зацікаўленым бакам з Усходніх краін-партнёраў далучыцца да Еўрапейскага альянсу МСП лічбавай галіны (DIGITAL SME) і даць магчымасць асацыяцыям сферы ІКТ УП пакласці пачатак супрацоўніцтву з сеткай DIGITAL SME.

Галоўнай тэмай пасяджэння сталі патрэбнасці арганізацый, што аб’ядноўваюць і падтрымліваюць МСП лічбавай галіны і сферы ІКТ ва Усходніх краінах-партнёрах. Удзельнікі абмеркавалі практычныя пытанні з прадстаўнікамі Еўрапейскага альянсу МСП лічбавай галіны, найбуйнейшай у Еўропе сеткі МСП сферы ІКТ, якая была прадстаўленая раней на спецыяльным мерапрыемстве, арганізаваным EU4Digital для  «Спрыяння развіццю экспертных супольнасцей і павышэння іх уцягнутасці ў распрацоўку і ажыццяўленне палітыкі».

Мерапрыемства прыцягнула каля 20 удзельнікаў і сабрала 15 асацыяцый і арганізацый, што падтрымліваюць МСП сферы ІКТ, з Усходніх краін-партнёраў. Зацікаўленыя бакі атрымалі «Кіраўніцтва па выкарыстанні магчымасцей, што прадастаўляе DIGITAL SME»  і кансультацыі наконт пэўных паслуг для асацыяцый прадпрыемстваў лічбавай галіны.

Намесніца кіраўніка групы праекта EU4Digital Рута Сальвітэ-Тамасюньене адкрыла мерапрыемства, а кіраўнік напрамку інавацый у сферы ІКТ праекта EU4Digital Ганна Побаль кантралявала ход агульнай дыскусіі сумесна з прадстаўнікамі Еўрапейскага альянсу МСП лічбавай галіны.

Спачатку сп-р Себасцьяна Тафалеці, генеральны сакратар Еўрапейскага альянсу МСП лічбавай галіны, прадставіў мэту арганізацыі, якая заключаецца ў тым, каб паставіць МСП лічбавай галіны ў цэнтр парадку дня ЕС, і распавёў пра агульныя задачы, рашэннем якіх займаюцца спецыяльныя працоўныя групы, у такіх сферах, як стандартызацыя, развіццё лічбавых навыкаў і абарона інтэлектуальнай уласнасці.

Далей сп-р Морыц Цымерман, менеджар па стратэгіі і развіцці бізнесу Еўрапейскага альянсу МСП лічбавай галіны растлумачыў, якую выгаду асобныя МСП могуць атрымаць ад членства ў ініцыятыве Клуб лічбавых наватараў. Спадарыня Юстына Беляўскайтэ, дырэктар праектаў Еўрапейскага альянсу МСП лічбавай галіны, коратка распавяла ўдзельнікам пра платформу Digital SkillUp, Еўрапейскую платформу лічбавых навыкаў і прафесій і пра EUHubs4Data, узяўшы іх у якасці прыкладаў агульнаеўрапейскіх праектаў, якія дапамагаюць будаваць экасістэму.

Падчас заключнай часткі мерапрыемства ўдзельнікі абмеркавалі свае пэўныя патрэбнасці і задачы, а таксама тое, як з гэтым усім можа дапамагчы DIGITAL SME. Акрамя таго, удзельнікі падкрэслілі, што для краін УП прынцыпова важным з’яўляецца наладжванне дзелавых кантактаў з замежнымі МСП лічбавай галіны, а таксама ўдзел у існуючых ініцыятывах ЕС, накіраваных на развіццё лічбавых рынкаў. У дадатак да гэтага сп-р Андрэй Келемен, генеральны дырэктар IT-кластара г. Клуж (Румынія) і галава працоўнай групы па пытаннях лічбавай трансфармацыі DIGITAL SME, распавёў пра тое, як асацыяцыі прадпрыемстваў лічбавай галіны з малых краін аб’ядналіся ў  Сетку ІКТ-кластараў Балкан, Прыбалтыкі і  Чарнаморскага рэгіёна(Сетка 3B ICT) і атрымалі калектыўнае членства ў DIGITAL SME, што дапамагае ўмацоўваць патэнцыял арганізацый-удзельніц і спрыяе міжнароднаму супрацоўніцтву з дзеячамі інавацыйнай экасістэмы. Было адзначана, што аналагічная мадэль супрацоўніцтва можа дапамагчы асацыяцыям прадпрыемстваў лічбавай галіны УП хутчэй нарасціць інстытуцыянальны патэнцыял і развіць лічбавыя рынкі. Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі паведамілі пра гатоўнасць да далейшых дзеянняў для развіцця сувязей паміж асацыяцыямі прадпрыемстваў лічбавай галіны УП і ЕС, а прадстаўнікі DIGITAL SME пацвердзілі свой намер служыць платформай для развіцця будучых сувязей.

Навіны

Паглядзець усё