Свет становіцца ўсё больш глабалізаваным, хутка растуць аб’ёмы перавозак і трансгранічныя аперацыі. У такіх умовах для спрыяння законнаму гандлю выключна важную ролю мае супрацоўніцтва і абмен інфармацыяй паміж мытнымі органамі, якія ажыццяўляюць кантроль па абодва бакі мяжы. Эфектыўнае супрацоўніцтва і аўтаматызацыя абмену інфармацыяй паміж мытнымі органамі краін актуальныя сёння, як ніколі.
Паміж Еўрапейскім саюзам і яго ўсходнімі партнёрамі функцыянуе 31 аўтадарожны пункт пропуску. У 2018 годзе каля 1,65 мільёна грузавікоў перасеклі мяжу паміж усходнімі краінамі-партнёрамі і ЕС, і яшчэ 1,8 мільёна — у зваротным кірунку. У сярэднім адзін аўтадарожны пункт пропуску за месяц у абодвух кірунках абслугоўвае 10 000 грузавікоў.
На пунктах пропуску з вялікім аб’ёмам сухапутнага транзіту грузаў абслугоўваецца яшчэ больш камерцыйных грузавікоў. Напрыклад, на мяжы паміж Беларуссю і Літвой адзін з самых інтэнсіўных у рэгіёне камерцыйных транспартных патокаў на ўезд у ЕС. У 2019 годзе ў дзень у абодвух кірунках абслугоўвалася ў сярэднім 1 700 грузавікоў (на чатырох пунктах пропуску). Для параўнання, аналагічны аб’ём перавозак (у сярэднім 1 900 грузавых аўтамабіляў у дзень) размяркоўваецца па ўдвая большай колькасці пагранічных пунктаў (восем) паміж Польшчай і Украінай. У некаторых выпадках чэргі на беларуска-літоўскай мяжы могуць расцягвацца да 14-16 км, а перасячэнне мяжы займае каля двух-чатырох дзён. Гэта прыводзіць не толькі да нясвоечасовых паставак тавараў, але і да страты прыбытку для прадпрыемстваў, якія працуюць паміж рэгіёнамі.
Доўгія чэргі і неэфектыўнае кіраванне бяспекай
Акрамя доўгіх чэргаў і часу чакання на мяжы, яшчэ адной істотнай праблемай з’яўляецца адсутнасць належнай сувязі і своечасовага атрымання інфармацыі. Гэта прыводзіць да неэфектыўнага кіравання рызыкамі, звязанымі з аховай і бяспекай. Як у рэгіёне Усходняга суседства, так і ў ЕС існуе відавочная патрэба ў дакладнай інфармацыі ў рэжыме рэальнага часу. Яна дапаможа кіраваць рызыкамі бяспекі, ажыццяўляць мэтанакіраваны мытны кантроль, абараняць фінансавыя і эканамічныя інтарэсы рэгіёну, а таксама паспрыяе законнаму гандлю.
У сённяшнім лічбавым кантэксце больш, чым калі-небудзь, патрабуецца праграмнае рашэнне, якое б дапамагло аптымізаваць і аўтаматызаваць мытныя працэдуры. Функцыянал мог бы ўключаць у сябе абмен інфармацыяй да прыбыцця або інструменты для прагназавання трафіку на аўтадарожных пунктах пропуску. Такія рашэнні ў дадзены момант не прымяняюцца. Абмен інфармацыяй паміж усходнімі краінамі-партнёрамі існуе толькі ў кантэксце ўзаемнай адміністрацыйнай дапамогі і/або двухбаковых пагадненняў.
Абмен інфармацыяй на знешняй мяжы ЕС абмежаваны, неструктураваны і ў асноўным ажыццяўляецца па запыце. Абмяркоўваць абмен мытнай інфармацыяй з трэцімі краінамі пачалі толькі нядаўна. Адпаведна, для вырашэння пытанняў абмену інфармацыяй паміж краінамі была створана працоўная група па мытным дыялогу паміж ЕС і Беларуссю.
Адзін з добрых прыкладаў аптымізаванай і аўтаматызаванай сістэмы абмену мытнай інфармацыяй — Заходнія Балканы. Укараненне праграмнага рашэння для сістэматычнага абмену электроннымі дадзенымі (SEED) у шасці краінах рэгіёну дапамагло наладзіць сістэматычны і аўтаматычны абмен дадзенымі да прыбыцця. Гэта прывяло да паляпшэння рэгіянальнага супрацоўніцтва і правапрымяняльнай практыкі. Укараненне праграмнага рашэння фінансаваў ЕС.
Тэсціраванне перадавых рашэнняў для краін Усходняга партнёрства
Фонд EU4Digital у рамках дзейнасці па кампанентах eTrade і eCustoms плануе ажыццявіць пілотны запуск механізмаў абмену мытнай інфармацыяй. Перадавыя рашэнні будуць тэсціраваць некалькі мэтавых груп — усходнія краіны-партнёры паміж сабой, а таксама краіны-партнёры і ЕС. Нягледзячы на адсутнасць неабходнай прававой базы, магчымасць апрабіраваць перадавыя спосабы абмену інфармацыяй і выявіць патэнцыйныя выгады ўсё ж ёсць. Акрамя таго, гэта дасць магчымасць вызначыць неабходныя прававыя, тэхнічныя і арганізацыйныя карэктывы і рэкамендацыі для поўнамаштабнай рэалізацыі рашэння.
Мэта дзейнасці па eCustoms — садзейнічаць своечасоваму абмену дадзенымі паміж мытнымі органамі і паказаць вынікі, у прыватнасці, скарачэнне часу пропуску тавараў. Каб гэтага дасягнуць, пілотная дзейнасць eCustoms будзе канцэнтравацца паміж трансгранічнымі мытнымі органамі дзвюх суседніх краін, якія маюць самае вялікае значэнне для гандлю.
Каб пачаць пілатаванне абранага рашэння ўжо праведзеныя некаторыя падрыхноўчыя мерапрыемствы, у тым ліку:
• аналіз існуючых альтэрнатыў для абмену інфармацыяй да прыбыцця;
• аналіз стану спраў у краінах-партнёрах, уключаючы пары краін, прапанаваных Еўрапейскай камісіяй у якасці пілотных;
• вызначаны спіс прыярытэтных сцэнарыяў перадачы дадзеных (у рамках пілотнай дзейнасці);
• распрацаваны праект плана дзеянняў для пілотных краін, уключаючы такія крокі, як прызначэнне спецыялістаў для пілотнага праекта.
У выніку аналізу існуючых рашэнняў найбольш адпаведным варыянтам быў прызнаны сістэматычны абмен электроннымі дадзенымі (SEED), дзякуючы яго правераным стандартам бяспекі і карыстання дадзенымі, лёгкай адаптацыі да нацыянальных сістэм па ўсім рэгіёне і гнуткасці з пункту гледжання функцыянальных магчымасцей і патрабаванняў да абмену наборамі дадзеных.
Эфектыўная сістэма: прыклад Заходніх Балкан
На Заходніх Балканах асноўная мэта праекта палягала ў аказанні падтрымкі мытным органам у іх намаганнях па ўкараненні сістэмы SEED для абмену інфармацыяй да прыбыцця. З увядзеннем SEED, мытныя органы рэгіёну змаглі ўмацаваць свой адміністрацыйны патэнцыял у сферы ІТ і аналізу рызык, павялічыць даходы і атрымаць лепшыя магчымасці змагацца з незаконным гандлем, пашыраючы пры гэтым рэгіянальнае супрацоўніцтва. Сістэма дазваляе змагацца або ліквідаваць наступныя віды парушэнняў і махлярстваў:
• заніжэнне кошту (падмена рахункаў-фактур/змяншэнне мытнага кошту пры ўвозе);
• падробка дакументаў, што пацвярджаюць выезд гружаных цяжкагрузаў (парушэнні, звязаныя з вяртаннем ПДВ);
• парушэнні, звязаныя з (няправільным) выкарыстаннем Карнетаў ATA.
На наступным этапе ажыццяўлення праекта SEED на Заходніх Балканах завяршаецца стварэнне сістэмы абмену інфармацыяй да прыбыцця, якая адпавядае гандлёвым плыням паміж краінамі-бенефіцыярамі. Гэта азначае, што акрамя мытных органаў сістэма SEED+ будзе ўключаць у рэгіянальны электронны абмен дадзенымі як фітасанітарныя і ветэрынарныя інспекцыі, так і органы па лекавых сродках. Гэта дазваляе загадзя абменьвацца сертыфікатамі і іншымі адпаведнымі дакументамі для спрашчэння і паскарэння працэдур перасячэння межы і праходжання мытных працэдур.
Стартаваў пілотны праект паміж Беларуссю і Літвой У выніку разгляду прапаноў адносна пілотных краін, у якасці краін для пілотнага праекта па абмене мытнай інфармацыяй паміж ЕС і яго ўсходнімі партнёрамі Еўрапейская камісія зацвердзіла Беларусь і Літву. Пасля пацвярджэння жадання і
гатоўнасці ўдзельнічаць у пілотным праекце была арганізавана першая працоўная сустрэча пілотных краін.
Самая першая працоўная сустрэча паміж экспертамі па электроннай мытні EU4Digital і спецыялістамі з пілотных краін адбылася 27 лютага 2020 года ў Вільнюсе, Літва. Падчас сустрэчы быў зроблены агляд абранага рашэння (SEED) і яго функцыянальных магчымасцей, а ўдзельнікі мелі магчымасць убачыць жывую дэманстрацыю працы рашэння SEED. Акрамя таго, распачаліся дыскусіі адносна патэнцыйнага набору дадзеных для абмену.
28 лютага падчас візіту ў Вільнюс эксперты SEED таксама наведалі памежны пункт пропуску «Медзінінкай», дзе яны азнаёміліся з існуючымі мытнымі сістэмамі і інфраструктурай.
Другая працоўная сустрэча (відэаканферэнцыя) з пілотнымі краінамі запланаваная на 23 сакавіка. Мэта сустрэчы — узгадніць патэнцыйныя функцыянальныя магчымасці для апрабацыі ў пілотным рэжыме, а таксама абмеркаваць больш тэхнічныя дэталі, такія як патрабаванні да абсталявання, праграмная платформа і т. д.
Чакаецца, што пілотны праект на беларуска-літоўскай мяжы дазволіць ацаніць уплыў такога абмену дадзенымі на хуткасць перасячэння мяжы, а таксама на аспекты аховы і кіравання рызыкамі бяспекі. Пілотны праект таксама дапаможа выявіць перашкоды, якія яшчэ трэба будзе ліквідаваць, у арганізацыйнай, прававой і тэхнічнай сферах.
У выніку, чакаецца, што пілотны праект зможа ў будучыні выпрацаваць паўнавартаснае эфектыўнае рашэнне, якое можна будзе выкарыстаць для пашырэння электроннага гандлю праз іншыя межы паміж ЕС і яго ўсходнімі краінамі-партнёрамі.